Святлана Кудзеліч. Фота: instagram.com/svetik_blr

У Катары чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы завяршыўся для беларускіх спартсменаў правалам.

Карціна сумная – на другім чэмпіянаце свету запар нашы лёгкаатлеты не заваявалі ніводнага медаля, і такога выніку ў гісторыі яшчэ не было. Здавалася б, можна чакаць, што зараз паляцяць галовы ў кіраўнікоў федэрацыі, але мой прагноз – гэтага не будзе.

Як кажуць, салому падсцялілі загадзя. Калі для многіх вядомых спартсменаў сусветнае першынство – гэта галоўная падзея пасля Алімпіяды, то ў беларусаў іншыя прыярытэты. Спартыўныя чыноўнікі (ды і не толькі спартыўныя) вырашылі, што няма больш яркіх і знакавых спаборніцтваў у свеце, чым Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў ліпені ў Мінску. Уся падрыхтоўка і выхад атлетаў на пік формы былі накіраваны менавіта на гэтыя спаборніцтвы. Трэба ж было трымаць справаздачу па медалях, на самым версе не зразумелі б, калі б спартсмены і трэнеры думалі пра нейкі чэмпіянат свету. А пасля яшчэ быў у беларускай сталіцы і лёгкаатлетычны матч Еўропа– ЗША, і некаторым нашым спартсменам ізноў трэба было «ўпрагацца».

Адным словам, выбар быў зроблены, і зараз у кіраўнікоў федэрацыі і трэнераў цудоўнае апраўданне правальнага выступлення ў Катары: маўляў, усе сілы аддалі на Еўрапейскіх гульнях, таму, прабачце, чэмпіянат свету ўжо не пацягнулі. Не той узровень для нашых спартсменаў.

Зрэшты, Алімпіяда будзе галоўным крытэрыем падрыхтоўкі беларускіх лёгкаатлетаў, і, мяркуючы па ўсім, па яе выніках і адбудзецца разбор палётаў і раздача сланоў усім, хто таго заслужыў.

Калі ж вярнуцца да чэмпіянату свету ў Катары, то з боку спартсменаў у адрас арганізатараў прагучала шмат крытыкі. Напрыклад, беларускія марафонкі апісалі, у якіх неверагодных умовах праходзіў начны забег.

«Складвалася ўражанне, што правяралі не нашы фізічныя якасці, а хто з нас больш жывучы! – кажа марафонка Святлана Кудзеліч (на фота). – Вільготнасць пад 80 працэнтаў і вельмі высокая тэмпература рабілі сваю справу… Я не прапускала ніводнага пункта, дзе былі вада і харчаванне, ліла ваду на галаву, спрабуючы хоць неяк прыйсці ў сябе. У гэты момант я ўяўляла сябе каменем у лазні, на які льюць ваду. Лягчэй станавілася толькі на некалькі секунд – далей ізноў пачыналася пякельная спякота. Я адчувала, што закіпае кроў і можа ўзарвацца галава. Спрабуеш дыхаць, а атрымліваеш порцыю невыносна гарачага паветра».

Святлана дадае, што многія спартсменкі так і не дабеглі да фінішу…

Поўны тэкст артыкула Алеся Святланіча чытайце ў газеце «Народная Воля» за 8 кастрычніка