Аляксандр Класкоўскі

На гэтых выбарах у Палату прадстаўнікоў улады пераплюнулі самі сябе. Здавалася б, ужо болей, чым раней, дыскрымінаваць апазіцыю пры фарміраванні выбарчых камісій немагчыма. Аказалася, што магчыма. Сярод 63.646 членаў участковых камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый аказалася толькі 21. Апанентаў улады адсеялі больш сурова, чым пры фарміраванні тэрытарыяльных ды акруговых камісій месяцам раней. І ў два-тры разы больш жорстка, чым на парламенцкіх выбарах 2008, 2012 ды 2016 гадоў.

Пры гэтым вертыкаль, фарміруючы ўчастковыя камісіі, прыцэльна выбівала менавіта тых, каго наверсе называюць пятай калонай. Мяркуйце самі.

Усяго апазіцыйныя партыі вылучылі гэтым разам у камісіі нізавога ўзроўню 495 чалавек. З іх прайшло, як няцяжка падлічыць, 4,2%. У тым ліку ад Партыі БНФ, напрыклад, трапіла пяць вылучэнцаў з 201, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі – чатыры з 174. А з 54 прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) не пашэнціла ніводнаму. Нарэшце, з 401 прадстаўніка кампаніі назірання «Права выбару» ва ўчастковыя камісіі прайшлі толькі тры.

А зараз параўнайце. З 3884 вылучэнцаў праўладных партый у адпаведныя камісіі ўвайшло, паводле падлікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», 3763 (96,9%). У прыватнасці, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 1097 з 1135. Ад шасці найбуйнейшых праўладных грамадскіх структур – «Белай Русі», БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Беларускага фонду міру і афіцыйных прафсаюзаў – было вылучана 28.980 чалавек, з іх патрапіла ва ўчастковыя выбаркамы 27.790 (95,9%).

Як бачым, «сваім людзям» амаль пагалоўна – зялёнае святло, «пятай калоне» за рэдкім-рэдкім выключэннем – чырвонае.

Кладучы руку на сэрца, апазіцыя не тое каб так ужо масава штурмавала гэты бастыён. Нават калі б ва ўчастковыя камісіі ўключылі ўсіх яе вылучэнцаў, яны там склалі б долі працэнта. А ўлады між тым маглі б казырнуць перад Захадам і АБСЕ: во які ў нас разгул дэмакратыі!..

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 8 кастрычніка