Фота: Сяргей Камкоў

На Берасцейшчыне, у вёсцы Рубель Столінскага раёна 4 кастрычніка хавалі 42 гадовую Таццяну Агіевіч — жонку праваслаўнага святара Георгія, настаяцеля праваслаўнай царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў мястэчку Азарычы, што на Гомельшчыне.

На пахаванне прыехаў і сам айцец Георгій , якога супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення Следчага камітэта затрымалі 2 кастрычніка праз падазрэнне ў забойстве жонкі Таццяны. Аднак ужо 3 кастрычніка святара адпусцілі з ізалятара, паколькі выяўлены быў іншы падазраваны.

“У нас тут ніхто не верыць, што Юрый (мірское імя святара) мог пазбавіць
жыцця жанчыну, а тым больш сваю жонку, – кажа старшыня Рубельскага
сельсавета Раіса Філановіч. – Ён рос у вялікай сям’і, дзе гадавалася дзесяцёра
дзяцей і жыццё кожнага было найвялікшай каштоўнасцю”.

Юрый Агіевіч і ягоная жонка Таццяна нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Рубель. Пабраўшыся шлюбам, разам пражылі амаль чвэрць стагоддзя. Выгадавалі дачку і сына, якія жывуць асобна ў розных гарадах. Яны таксама прыехалі на пахаванне маці. Юрый у свой час скончыў Лунінецкую прафтэхвучэльню, затым Віцебскую духоўную семінарыю і быў рукапакладзены на святара Георгія. Больш як дзесяць гадоў ён ачольваў праваслаўны прыход у Азарычах, што ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне.

Гучнае забойства ў Азарычах – святар Георгій пахаваў забітую жонку на малой радзіме
Тацяна з мужам

Уранку 2 кастрычніка ў сваім доме у Азарычах “матуля Таццяна”, як яе называлі тутэйшыя вяскоўцы, была знойдзена забітай. Праваахоўнікі затрымалі яе мужа-святара. Праз следчы камітэт стала вядома, што 47-гадовы святар знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

У сацыяльных сетках Тацяна падавала сябе як дыятолага і трэнера па харчаванні. Летась яна скончыла у Мінску кароткатэрміновыя курсы і атрымала адмысловы сертыфікат “Асновы дыеталогіі і здаровага харчавання”. Займалася і сеткавым бізнесам. На яе асабістай старонцы ў “Аднакласніках” змешчана багата фотаздымкаў і словаў падзякі ад шчаслівых жанчын, якія ў выніку трэнінгаў Тацяны Агіевіч схуднелі, сталі стройнымі і прывабнымі. Тацяна і сама любіла фатаграфавацца у групе і асобна на розных імпрэзах і ўлонні прыроды. Яе асабісты рэкорд схуднення – мінус 65 кілаграм.

Гучнае забойства ў Азарычах – святар Георгій пахаваў забітую жонку на малой радзімеНа адным з апошніх здымкаў у “Аднакласніках” Таццяна трымае ў руках сертыфікаты: “Дырэктар – 1000 долараў”, “Старшы дырэктар – 1500 долараў”, “Залаты дырэктар – 2000 долараў”.

Гучнае забойства ў Азарычах – святар Георгій пахаваў забітую жонку на малой радзіме
Тацяна з сертыфікатамі

Днём 1 кастычніка Тацяна была ў Мінску, дзе ўдзельнічала ў семінары касметычнай фірмы. Трагедыя ж здарылася ўначы на 2 кастычніка. Пасля затрымання мужа Тацяны ў неадэкватным стане некаторыя местачкоўцы схільны былі лічыць, што ён і загубіў жонку з рэўнасці, хоць святар Георгій таксама браў удзел у праграмах схуднення.

Тым часам аператыўнікі выявілі новага падазраванага, 23-гадовага жыхара вёскі Ліпава таго ж Калінкавіцкага раёна. Зачэпкай паслужыў пашкоджаны мікрааўтобус святара, пакінуты ў вёсцы. Віктар дапамагаў святару Георгію будаваць новую царкву ў Азарычах і часта карыстаўся мікрааўтобусам. Бывала, што і ночыў у доме Агіевічаў.

Землякі ведаюць Віктара як зухаватага маладзёна, які выпівае і “любіць пабушаваць”. Ён вырас у няпоўнай сям’і. Бацька сышоў, пакінуўшы на адну маці траіх дзяцей.

У Азарычах цяпер ходзіць пагалоска, што матывам забойства маглі стаць прэміяльныя грошы, якія напярэдадні Таццяна Агіевіч меркавана прывезла з Мінска за поспехі ў сеткавым бізнесе. Але следчыя свае высновы пакуль не зрабілі.

Здымкі са старонкі Таццяны Агіевіч у “Аднакласніках”.