Сённяшні госць «Рацыі» – дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Менску Павел Латушка, які надоечы пабываў з візітам на Беласточчыне.

Раней мы ведалі Паўла Латушку, як аднаго з нешматлікіх дыпламатаў з Рэспублікі Беларусь, які карыстаецца бездакорнай беларускай мовай. Таму і пацікавіліся, як ён ацэньвае стан беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь?

РР: Ці не баліць Вам сэрца, калі ў Беларусі знікае паціху беларуская мова?

Павел Латушка: Я не пагаджуся з вамі. Мне падаецца, сярод маладога пакалення беларусаў усё больш і больш папулярнай з’яўляецца беларуская мова і выкарыстанне беларускай мовы. І тая колькасць наведвальнікаў, напрыклад, Купалаўскага тэатра – гэта сведчанне вялікага зацікаўлення.

РР: Але адміністрацыя, школьніцтва?..

Павел Латушка: Давайце казаць не пра рэвалюцыю, а пра эвалюцыю. Гэта цяжкі, складаны працэс. Але ўсё ж такі гэта паступовы працэс. І калі сённяшняе маладое пакаленне, не ўсё, не 100%, але ўсё больш і больш цікавіцца і з павагай ставіцца да беларускай мовы, значыцца гэта крок у будучыню. Я перакананы і ўпэўнены, у беларускай мовы добрая будучыня менавіта ў Беларусі. Дзе ж ёй існаваць, як не на тэрыторыі сучаснай Беларусі?

РР: Як ёй існаваць, калі няма пачатковых школаў, немагчыма зрабіць адукацыю ад пачатковай школы да ўніверсітэта па-беларуску?

Павел Латушка: Тое, што вы кажаце, сапраўды мае месца, але з іншага боку, ёсць больш за 30% школ, у якіх выкладаюцца ўсе прадметы па-беларуску. Беларуская мова – гэта фактар, які цэментуе існаванне беларускай культуры. І, зразумела, беларуская культура – гэта база, аснова фармавання сённяшняй дзяржаўнасці і будучыні Беларусі. Працэс пашырэння выкарыстання беларускай мовы – гэта даволі складаны працэс. Але ён не павінен адбывацца рэвалюцыйным шляхам. Гэта залежыць ад кожнага з нас. Ад вас, ад мяне, ад таго, як мы выкарыстоўваем беларускую мову. Бо я, як былы дзяржаўны чыноўнік, а сёння кіраўнік вядучай тэатральнай установы, я не маю праблемаў з той прычыны, што я выкарыстоўваю штодня беларускую мову. Я думаю, што ўсё залежыць часта ад нас. Давайце проста больш карыстацца беларускай мовай. Зразумела, Купалаўскі тэатр з’яўляецца брэндам, падтрымкай беларускай культуры. Існаванне беларускай культуры без беларускай мовы, якая з’яўляецца самым галоўным фактарам таксама ў дзейнасці нашага тэатра, немагчыма. І гэта база існавання нашай дзяржавы. Дзе, як не на тэрыторыі сучаснай Беларусі існаваць беларускай мове? Зразумела, ёсць беларуская этнічная меншасць, ёсць беларуская дыяспара. Якая важная для нас і якую мы будзем падтрымліваць з пункту гледжання культурнага. Але ўсё ж такі галоўнае месца – гэта Беларусь. І я думаю, кожны мусіць рабіць сваю справу. І купалаўцы робяць сваю справу.