Алесь Бяляцкі. Фота: tut.by

Калі мы дзесяць гадоў таму распачыналі кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», нашы калегі-скептыкі, якія ўжо не першы год займаліся абаронай правоў чалавека ў Беларусі, недаверліва хіталі галовамі: «Дык а пра што і пра каго вы будзеце казаць?» Сапраўды, гэтая нябачная трагедыя ў будзённым жыцці краіны і народа была для нас выклікам. Выклікам маральным, бо нельга маўчаць, калі проста ў цэнтры Мінска, у СІЗА, як у сярэднявеччы на цэнтральнай плошчы, метадычна пазбаўляюць людзей жыцця. І выклікам практычным, бо ўся інфармацыя пра смяротныя прысуды ў Беларусі была недаступная для грамадства.

Але, надзіва, штодзённая карпатлівая праца па расследаванні таямніц смяротных прысудаў амаль адразу пачала даваць свой вынік. З расстрэльнага туману пачалі выплываць напачатку размытыя, а потым усё больш акрэсленыя абрысы рэальных людзей. Асуджаныя да смяротнага пакарання, іхнія прозвішчы, іхнія жахлівыя гісторыі, іхнія лісты, напісаныя ад рукі, іхнія маці, жонкі, дзеці. І бязмежны страх і адчай у радках лістоў, у вачах мацярэй, якія да апошняй хвіліны жыцця сваіх сыноў (жанчын у Беларусі не расстрэльваюць), а часта і пасля расстрэлу вераць, што іхнія дзеці жывыя!

Больш прарэзалася працэдура надзялення смерцю асуджаных на смерць і пахаваных немаведама дзе ў нумарных капцах. Чалавек быў-быў, і яго проста не стала, так што і паверыць у смерць ягоную можна толькі апрыёры. А доказам – паперка з пячаткай, якую прынёс паштальён. Вось прыйшла зусім нядаўна адной з мацярок пасылка з рэчамі расстралянага, чамусьці з Акцябрскага (Рудабелкі), ёсць такое мястэчка на гомельскім Палессі. І адразу яна павесялела, патэлефанавала нам і сказала: «Дык ён жа ў Петрыкаве на рудніках! Там жа шахту нейкую капаюць! Яго туды таемна саслалі, а нам не кажуць!» З гэтай думкаю цяпер яна і будзе гадамі жыць…

Няма апраўдання злачынствам, і ніхто з нас не бярэцца апраўдваць злачынцаў. Тым болей няма апраўдання забойствам, якія чыняцца з дзяржаўнай рукі. Мы бачым, як паволі мяняецца грамадская думка. Усё болей людзей спачувальна адгукаюцца на наш заклік: не забі! Але кожны год мы пераадольваем уласнае расчараванне і ўласную паразу, бо і надалей у лёхах Валадаркі ў расстрэльнай камеры суха трашчаць пісталеты. І ніякія глушыльнікі, ніякія турэмныя муры не могуць схаваць ад нас рэха гэтых стрэлаў. У такой грамадскай кампаніі, як наша, немагчыма дабіцца частковага выніку. Тут ці выйграў, ці прайграў, трэцяга не дадзена. Кожны прамінулы год мы лічым па расстрэлах. І кожны новы год мы пачынаем з надзеяй, упарта паўтараючы для сябе словы Вацлава Гавела: «Надзея, пэўна, не тое самае, што аптымізм. Гэта не перакананасць, што ўсё будзе добра, а ўпэўненасць у тым, што ўсё, што ты робіш, мае сэнс».

***

Як вядома, традыцыйна з 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Лозунг сёмага Тыдня – “Правасуддзе без забойства”.