Партызаны. Ілюстрацыйнае фота

З цікавасцю сачу за дыскусіяй пра падзеі ваеннага мінулага. Тэма яе фармулюецца так: альбо прадаўжаць традыцыю гераізацыі вайны і партызанскай дзейнасці, альбо ўсё ж выцягнуць на божы свет і факты іншага кшталту – былі ж і злоўжыванні, а падчас і злачынствы асобных камандзіраў і атрадаў.

Я паспела распытаць «дзяцей вайны» з Лагойшчыны. Старыя людзі памятаюць усё: як карнікі палілі вёскі, а паліцаі расстрэльвалі закладнікаў, як сяляне выжывалі на шчаўі і шайморах, як бацькі ўдзень баяліся немцаў, а ўначы – партызанаў, як жыхары партызанскіх зон збіралі для іх харчовы падатак, везлі ў лес кінутую пры адступленні зброю і грузы з самалётаў, як разам з атрадамі і брыгадамі зведалі пекла на возеры Палік.

Лічу слушнай прапанову Міхася Скоблы занатаваць успаміны жыхароў Жлобіншчыны пра паліцаяў-самаахоўнікаў і атрад, які закідаў гранатамі вяскоўцаў (найменне атрада нам не паведамілі). Звычайна мясцовых ва ўмовах акупацыі называюць «мірнымі жыхарамі», што недакладна: адных далучалі да падпольнай дзейнасці (і тым падстаўлялі) партызаны, другіх перацягвалі на свой бок завербаваныя гітлераўцамі сваякі і суседзі. Паводле сведчання сына партызана паэта Фелікса Баторына, былі вёскі партызанскія, а былі – паліцайскія. Яго бацька, камісар Барыс Хаймовіч, распавядаў: ён заўсёды стараўся замыкаць атрад, калі выходзілі з такога сяла, – каб байцы нікога не абрабавалі, не забілі ці не згвалцілі. Былі таксама вёскі «нічыйныя», то бок блізкія да варожых гарнізонаў, і былі паселішчы, дзе стаялі немцы, з якімі, хочаш не хочаш, даводзілася мець справу.

Калі ў хату вёскі Сярпішчана зайшоў якісь абадраны немец (яны нарыхтоўвалі паблізу лес), дзеці спалохаліся: з’есць апошні блін! Немец на мігі штось тлумачыў, маці не разумела, пакуль не высветлілася, што ён просіць іголку, каб зашыць штаны. Хлапчукі з палёгкай уздыхнулі.

У гарадах і мястэчках пры нямецкай адміністрацыі кармілася шмат народу. Працавалі ва ўправах, у салдацкіх і афіцэрскіх клубах, у сферы асветы (маецца на ўвазе беларускае школьніцтва. – Г.К.), а часцей наймаліся прыслугай, шафёрамі, прыбіральшчыцамі. Які-небудзь водаправодчык мог атрымаць па заканчэнні вайны па поўнай за «сношение с иностранным государством» і трапіць у Пішчалаўскі замак.

Партызанскія злучэнні ставілі перад сабой сур’ёзныя задачы, адцягвалі на сябе жывую сілу праціўніка, але слаба забяспечваліся з Вялікай зямлі. Ім не хапала ўсяго: зброі, каб ваяваць, харчавання, каб жыць, бінтоў і лекаў, каб лячыць раны. Умовы жыцця ў лесе, асабліва ў першую ваенную зіму, былі проста нечалавечыя. Паводле сведчання Н.Сталяровай, «спалі штабялямі»: пасцілалі кажухі, на іх клаліся покатам мужчыны, жанчыны, дзеці. Пакутавалі ад антысанітарыі, хвароб, вошай і часоткі, паміралі ад тыфу. Пазней набудавалі зямлянак, а атрад «Бальшавік» разабраў у Гайне пачатковую школу і перавёз яе ў лес на лазню.

Даводзілася супрацьстаяць захопнікам «з іржавымі вінтоўкамі, знойдзенымі на месцах баёў, ды кулямётамі ДТ, знятымі з кінутых савецкіх танкаў. Хранічна не хапала патронаў, а тол даводзілася часта выплаўляць на кастры са 152-міліметровых снарадаў, рызыкуючы ўласным жыццём» (з успамінаў заслонаўца Мікалая Крукоўскага).

Цікава чытаць сведчанні ўдзельніка вайны, лагойскага партызана Юрыя Волкава. Яго мемуары канца 1980-х гадоў, выкладзеныя на сайт сынам, сталі для мяне сапраўдным адкрыццём. У палон юнак трапіў 11 верасня пад Выбаргам: учарашнім курсантам і зброю не падвезлі, і ў тыл не адвялі. Іх «здалі» камандзіры, не здольныя прыняць уласнага рашэння. Волкаў двойчы ўцякаў з нямецкага палону, доўга блукаў па Будслаўшчыне і Дзісеншчыне, перш чым перайсці за старую мяжу і ўліцца ў партызанскі атрад. З вялікай удзячнасцю згадвае ён жыхароў Заходняй Беларусі. Колькі яны ўратавалі такіх самых бедалаг, як ён: і кармілі, і лячылі, і пакідалі на ноч, нягледзячы на забарону акупацыйных улад…

Поўны тэкст артыкула члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Галіны Каржанеўскай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 1 лістапада