Вольга Скабеева і яе муж Яўген Папоў – адны з самых адыёзных «журналістаў» РТР. Скрыншот відэа

Апошнім часам на нашым нацыянальным тэлебачанні рэзка ўзмацніўся націск
ваяўнічай расійскай прапаганды, скіраванай супраць права ўкраінскага народа на незалежнасць і самабытную культуру. А галоўнай мэтай гэтай кампаніі, на маю думку, з’яўляецца дэстабілізацыя грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне з перспектывай далейшага паглынання яе пуцінскай Расіяй.

Так, калі раней на тэлеканале «РТР-Беларусь» антыўкраінскае ток-шоу «Кто против?» выходзіла штодзённа толькі вечарам і працягвалася каля дзвюх гадзін, то цяпер яго транслююць яшчэ і днём, што ў сукупнасці складае больш за чатыры гадзіны (!) эфірнага часу. Іншымі словамі, зроблены разлік на тое, каб гэты агромністы паток тэндэнцыйнай і бруднай хлусні пра спробы братняга нам народа абараніць сваю незалежнасць «пераварылі» як мага больш гледачоў – і тыя, хто працуе ў першую змену, і тыя, хто ў другую.

А яшчэ на падобнай тэматыцы спецыялізуецца не менш нашумелая праграма пад быццам бяскрыўднай назвай «60 минут», якую вядуць адыёзная «журналістка» Вольга Скабеева і яе муж Яўген Папоў. Яны сцвярджаюць, што Зяленскі фактычна паўтарае палітыку Парашэнкі. Яны страшна незадаволены тым, што ён хоча вярнуць Данбас ва Украіну, выступае супраць прысутнасці расійскіх ваенных у канфліктнай зоне.

Ну, а бадай самай цынічнай і гнюснай праграмай па ачарненні ўсяго, што датычыцца дэмакратычных пераўтварэнняў ва Украіне (ды і ва ўсім свеце), з’яўляецца перадача «Вечер с Владимиром Соловьевым», што выходзіць пяць разоў (!) на тыдзень. Тут сумнавядомы вядучы і яго памагатыя дагаварыліся да таго, што нібыта ў новай Украіне пануе поўны адміністрацыйна-палітычны хаос, што Вярхоўная Рада – гэта зборышча смешных балбатуноў і яна нічога не вырашае, што Украіна стала заложніцай ЗША, што ўладу бярэ ў свае рукі таксічны алігарх Каламойскі, што ўжо пара з імі ўсімі не проста размаўляць, а рашуча дзейнічаць.

І калі раней у гэтых праграмах бэсціўся былы прэзідэнт Парашэнка, то цяпер, як бачым, нямала ад расійскіх прапагандыстаў дастаецца і новым украінскім уладам. Характэрна, што ўсё гэта суправаджаецца сапраўднай істэрыкай, а ўкраінскіх экспертаў падчас эфіраў заглушаюць крыкамі, не даюць ім выказаць сваю думку і нават высмейваюць амаль кожную іх рэпліку…

Поўны тэкст артыкула кандыдата філасофскіх навук Станіслава Дубянецкага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 1 лістапада