Міхась Скобла

Пісаць электронныя петыцыі стала ледзь не модным заняткам. Зручная і хуткая справа – не ўстаючы з канапы, за пару гадзін можна сабраць сотні подпісаў у падтрымку сваёй ідэі. А ідэі ў паветры лунаюць розныя. Вось і нядаўна ў інтэрнэт-прасторы з’явілася ідэя наконт таго, каб знойдзены ў Вільнюсе прах Кастуся Каліноўскага перапахаваць у Беларусі. Адпаведная петыцыя, доўгі шэраг подпісаў пад якой пачынаецца з імя Святланы Алексіевіч, ужо накіравана ў Сейм Літвы. Удакладню: сярод падпісантаў няма прадстаўнікоў беларускай улады, гэта цалкам грамадская ініцыятыва.

І як афіцыйнаму Вільнюсу на яе рэагаваць? Яшчэ нядаўна грамадская супольнасць Беларусі звярталася да літоўскіх улад з зусім іншай просьбай – каб надмагільны помнік Каліноўскаму ды яго паплечнікам надпісаць па-беларуску. Просьбу, дарэчы, літоўцы задаволілі. І вось новая чалабітная, якая ў Сейме можа выклікаць вясёлую дыскусію. Вы спытаеце – чаму?

Ды таму, што ў петыцыі напісана: «Нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага варта пахаваць у Беларусі, і мы просім літоўскі бок разгледзець такую магчымасць». Я не дэпутат Сейма, але і мне карціць пачухаць патыліцу. Як гэта разумець? З якой гэта пары вышэйшы заканадаўчы орган Літвы займаецца пахаваннямі ў суседняй краіне?

Зрэшты, гэта дробязь. Спадзяюся, пры перакладзе на літоўскую мову дакумент быў падрэдагаваны. А нядробязь – тое, што петыцыя тая ўжо стала чарговым яблыкам разладу ў нашым і так далёкім ад кансалідацыі грамадстве.

Акадэмік Радзім Гарэцкі падпісаўся за пахаванне Каліноўскага ў Беларусі. Зянон Пазьняк выступіў катэгарычна супраць. Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч – за, а гэткі ж самы доктар Алесь Смалянчук – супраць. Старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы» Алена Анісім – за, а кіраўнік беларускіх масонаў Сяргей Дубавец – супраць… Усчалася нежартоўная валтузня на шкоду ўсім, бо нездарма ж гавораць у народзе: дзе двух зваду вядзе, там трэці крадзе.

Гэта ля гарэлачнай крамы лёгка даведацца, хто будзе трэцім. А ля труны, вакол якой ідзе валтузня, той трэці, зрабіўшы сваю чорную справу, прашмыгне незаўважана. Страта выявіцца, ды будзе позна.

Што ці каго мы можам страціць?..

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 27 верасня