Сцяпан Гурскі трымае ў руках дзяржаўны акт на зямлю

Гродзенскія ўлады патрабуюць ад 95 членаў садовага таварыства “Хімік-Азот”, якое знаходзіцца ў межах горада, знесці да 1 лістапада за ўласныя сродкі ўсе пабудовы на сваіх надзелах, а таксама ачысціць тэрыторыю ад дрэў і кустоў. Члены таварыства прапануюць уладам заплаціць ім за страту маёмасці. Але дамовіцца не ўдаецца…

«…знесці самавольныя збудаванні…»

Лецішчы таварыства “Хімік-Азот” уваходзяць зараз у гарадскую мяжу: раскінуліся паміж аднайменным прадпрыемствам і Нёманам. Сюды можна дабрацца гарадскім транспартам. Пераважная большасць уласнікаў – пенсіянеры, якія адпрацавалі на “Азоце” па 20–30 гадоў. Многія з іх жывуць тут і працуюць на сваіх надзелах да самых маразоў. Шмат у каго дыхтоўныя дамы, а не проста дашчаныя будкі, паўсюль праведзена электрычнасць, ёсць вада і астатнія зручнасці.

Гарадскія ўлады патрабуюць ад членаў таварыства пакінуць нібыта самазахопленыя надзелы зямлі (гэта аргументуецца тым, што дачнікі не маюць дакументаў, якія засведчваюць іх права карыстацца зямлёй).

Аб усім гэтым мне распавядаюць члены садовага таварыства сцяпан Гурскі і Міхаіл Лукашэвіч. Сцяпану Сцяпанавічу 81 год, ён усё жыццё адпрацаваў на “Азоце” і нават удзельнічаў у яго будаўніцтве.

Сыр-бор, як кажуць мае суразмоўцы, пачаўся пасля таго, як было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага азотнага комплексу, кошт якога ўжо зараз вызначаюць у суму большую за мільярд долараў. Для будучага аб’екта патрэбны новы вадавод. І ён пройдзе па калідоры падземных камунікацый, на якіх і месцяцца лецішчы. Улады сцвярджаюць, што іншага месца для вадаводу проста няма.

– Нам прыпісваюць самавольны захоп зямлі, – Міхаіл Лукашэвіч паказвае прадпісанне, атрыманае з гарвыканкама, і цытуе: – “Звяртаем увагу на тое, што самавольнае заняцце зямельных надзелаў цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць… прапаноўваем у тэрмін да 1 лістапада 2019 года знесці самавольныя збудаванні, агароджу… У выпадку адмовы распачнецца адміністрацыйны працэс…”

Праўда дачнікаў

На вачах Сцяпана Гурскага некалі паўставалі гэтыя лецішчы. Самае крыўднае, кажа ён, што людзям прыпісваюць самавольны захоп надзелаў і выстаўляюць іх незаконапаслухмянымі грамадзянамі.

– Усе дзяржаўныя СМІ, якія пісалі пра нашу праблему, чамусьці ні разу не працытавалі тыя дакументы, якія сведчаць аб законнасці існавання лецішчаў, – здзіўляецца пенсіянер. – Хаця мы ўсім паказвалі гэтыя паперы, рабілі копіі…

Поўны тэкст карэспандэнцыі Міхала Карневіча чытайце ў газеце «Народная Воля» за 24 верасня