Жыхар Узды Віталь Сарока 18 дзён правёў у шпіталі пасля таго, як яго збіў мясцовы міліцыянт, паведамляе тэлеканал «Белсат«.

42-гадовы Віталь Сарока — кіроўца паштовага аддзялення Узды. 27 красавіка ён адзначаў Вялікдзень на шашлыках у суседа. Каля 22:00 да іх прыехала інспектарка па справах непаўналетніх Алена Сяргеева з участковым Алегам Казлоўскім. Сям’я суседа Сарокі стаіць на ўліку як праблемная. Таму Сяргеева прыехала спраўдзіць, ці спіць дачка суседавай сужыцелькі. Пры гэтым інспектарка, як паведамляецца, лаялася і звярталася да ўсіх на «ты».

«Я сказаў, што дзіцё паесць і пойдзе спаць. Папрасіў супакоіцца і не абражаць прысутных, мяне, маю сямʼю і не тыкаць. На што яна сказала: ты яшчэ пашкадуеш. Разам з участковым Казлоўскім яны з’ехалі», — распавядае Сарока.

А праз 15 хвілінаў, калі мужчына працягваў смажыць мяса, на яго нехта напаў са спіны, паваліў на зямлю і пачаў збіваць нагамі. У нападніку мужчына пазнаў сужыцеля Сяргеевай інспектара ДАІ Андрэя Карачуна.

«Ён называў мяне ўродам і пагражаў наступным разам забіць. Збіваў мяне ў службовых ботах, я не біў у адказ. Сяргеева і ўчастковы ўсё бачылі і не спынілі яго. Інспектарка трымала майго знаёмца, каб ён не ўмешваўся. У нейкі момант яна сказала: «Андрэй, хопіць, кінь яго». Яны разам з’ехалі, кінуўшы мяне пад плотам. Знаёмы выклікаў міліцыю», — кажа Сарока.

Жонка завезла збітага мужчыну ў лякарню. Па яго словах, медыкі і праваахоўнікі перашкаджалі яму трапіць на судова-медыцынскую экспертызу і не хацелі выпускаць са шпіталя. Калі яму ўдалося трапіць на экспертызу, эксперт акрамя гузакоў на галаве і твары выявіў страсенне галаўнога мозгу і ўдар нырак — разам 18 траўмаў. Пад кропельніцай у лякарні ён прабыў 18 дзён.

Сарока падаў заяву на міліцыянта ў суд. На яго пачалі крымінальную справу за лёгкія цялесныя пашкоджанні. Сяргеева заяўляла, што мужчына першым пачаў яе абражаць. Аднак суд высветліў, што лаяцца пачала яна і справакавала скандал.

Збіты кіроўца заяўляе, што кіраўнік Уздзенскага РАУС Андрэй Бярозка прыязджаў і абяцаў кампенсаваць яму маральную і матэрыяльную шкоду — 2500 долараў. «Грошы, гаварылі, перададуць праз трэцюю асобу. Я сказаў, што — не, дасылайце на картку або электронны перавод. На гэтым і скончылася, ніхто са мной не звязваўся», — дзеліцца падрабязнасцямі Сарока.

Калі справа дайшла да суда, то абвінавачаны Карачун так ні разу і не з’явіўся на пасяджэнні. Кожны раз за яго прыносілі бальнічныя лісты, адкрытыя за дзень да судовага разгляду. І кожны раз — у іншай лякарні. Калі ж суддзя вырашыў правесці выязное пасядэжнне ў лякарні, то Карачуна рэзка выпісалі.

Віталь Сарока пісаў міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву. У адказе з УУС Мінаблвыканкаму яму напісалі, што бальнічныя — сапраўдныя і хворага нельга прыцягнуць да адказнасці, пакуль ён не паправіцца. Мужчыну параілі самастойна знайсці Карачуна, каб даказаць, што ён падманвае. Кіроўца тлумачыць такія паводзіны тым, што ў лістападзе Андрэй Карачун датэрмінова выходзіць на пенсію.

«Відаць, цягнуць час. Пагатоў, начальнік РАУСу ідзе на павышэнне, не хочуць псаваць статыстыку, паводле якой Уздзенскае аддзяленне міліцыі — у тройцы найлепшых у краіне», — дадае Сарока.

Уздзенскі міліцыянт так збіў кіроўцу пошты, што той 18 дзён праляжаў у шпіталі

Уздзенскі міліцыянт так збіў кіроўцу пошты, што той 18 дзён праляжаў у шпіталі

Уздзенскі міліцыянт так збіў кіроўцу пошты, што той 18 дзён праляжаў у шпіталі