Белтэлерадыёкампанія абнародавала балы, якія чальцы журы паставілі кожнаму з удзельнікаў адбору на дзіцячае «Еўрабачанне». Праўда, у зводнай табліцы не пазначаныя імёны чальцоў журы, каб не было ясна, хто менавіта паставіў тую ці іншую адзнаку, перадае Еўрарадыё.

«Прымаючы пад увагу, што ў сацсетках з’явілася цэлая серыя абразлівых выказванняў у дачыненні да членаў журы, не жадаючы спрыяць распальванню нянавісці і нецярпімасці, адзнакі публікуюцца без указання іх аўтараў», — гаворыцца ў каментары БТ.

Як вядома, у сацсетках узнік скандал пасля таго, як Марыя Ермакова з беларускамоўнай песняй «Вятры» заняла толькі другое месца ў ацэнках журы. Між тым у глядацкім галасаванні дзяўчына была фаварыткай.

У выбары прафесійнага журы першае месца заняла Лізавета Міснікава з рускамоўнай песняй «Пепельный».

Гледачоў абурыла, што хтосьці ў журы паставіў беларускамоўнай выканаўцы толькі адзін бал.

«Звяртаем увагу, што член журы, які паставіў 1 бал удзельніцы, якая заняла выніковае другое месца, паставіў пераможцы адбору 2 балы. Такім чынам, нават калі б адзнакі былі 10 і 12 балаў адпаведна, то выніковы расклад не змяніўся б. Больш за тое, нават калі б адзнакі былі 12 і 2 балы адпаведна, удзельніцы, якая заняла другое месца, гэтага не хапіла б для перамогі», — адзначаюць у БТ.

БТ абнародавала балы, якія паставіла журы дзіцячага "Еўрабачання"