Адзін з самых папулярных тэатраў краіны дорыць магчымасць усім ахвотным паспрабаваць сябе ў ролі акцёра. Вам не трэба быць прафесійным актрорам — варта толькі за хвіліну здзівіць публіку сваім талентам!

21 верасня ў межах Тэатральнага пікніка ў Аляксандраўскім скверы пройдзе кастынг. Каб паўдзельнічаць, не трэба быць прафесіяналам: дастаткова набрацца смеласці і за хвіліну здзівіць публіку сваім талентам. Па выніках кастынгу журы абярэ двух пераможцаў — у дзіцячай і дарослай узроставых групах. Абраныя канкурсанты выступяць на сцэне Купалаўскага.

Адна з самых распаўсюджаных мараў дзяцінства: быць акцёрам, выступаць на сцэне, лавіць апладысменты публікі. У дарослых клопатах многія забываюцца на свае дзіцячыя жаданні, але Купалаўскі тэатр іх нагадае. Паўтары гадзіны — з 13:30 да 15:00 — 21 верасня будзе праходзіць кастынг. Яго пераможца сярод дарослых сыграе ў спектаклі “Паўлінка”, а пераможца ў дзіцячай катэгорыі атрымае ролю ў пастаноўцы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Каб паспаборнічаць за ролю ў гэтых топавых пастаноўках, трэба выйсці на сцэну, усталяваную ў Аляксандраўскім скверы, і… зрабіць тое, што падабаецца. Можна танчыць, расказваць вершы, жартаваць ці проста харызматычна маўчаць — фарматам арганізатары не абмяжоўваюць. Ёсць толькі часавае абмежаванне: на ўвесь выступ даецца адна хвіліна. Пасля журы абвяшчаюць пераможцаў і звязваюцца з імі для ўдакладнення дэталяў.

Ацэньваць канкурсантаў будуць рэжысёр і акцёр Раман Падаляка, а таксама акцёры Купалаўскага тэатра Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй. Для ўдзелу не трэба рэгістравацца: канкурсанты ідуць па парадку жывой чаргі. Акрамя кастынгу, тэатральны пікнік рыхтуе шмат цікавостак на любы густ. Ніжэй можна азнаёміцца з падрабязнай праграмай.

Хочаце атрымаць ролю ў «Паўлінцы»? Купалаўскі тэатр аб’явіў кастынг