Васіль Жуковіч

21 верасня нашаму сталаму аўтару, паэту Васілю ЖУКОВІЧУ споўніцца 80 гадоў. Пра свой сірочы лёс пры жывым бацьку, пра вышыванкі ў пашпартах і пераствораную ім па-беларуску знакамітую «Кацюшу» юбіляр расказаў у рэдакцыі «Народнай Волі».

– Васіль Аляксеевіч, вы нарадзіліся ў шматдзетнай сялянскай сям’і, у вас ажно сямёра сясцёр і братоў. Бацькам, відаць, цяжкавата было ўсіх паставіць на ногі?

– Наш хутар Забалацце знаходзіўся непадалёк ад Белавежскай пушчы, цяпер гэта Камянецкі раён. Жылося сапраўды цяжка, час быў пасляваенны, не хапала прадуктаў, вопраткі, абутку. Помню, мы з сястрой хадзілі ў школу па чарзе – быў адзін на дваіх палітончык. Старэйшы брат пашыў мне чаравікі-дзеравяшкі – верх скураны, а падэшва драўляная, нягнуткая, хадзіць было нязручна (а да школы кіламетраў пяць). Дапамагаў выжыць лес, дзе мы збіралі грыбы і ягады для сябе і на продаж. Неяк усе выраслі, атрымалі адукацыю, сем’і займелі.

– Вашу сям’ю не абмінулі сталінскія рэпрэсіі. За што трапілі ў лагеры ваш бацька і брат?

– Бацьку ў 1944 годзе саслалі ў пасёлак Сухабязводнае Горкаўскай вобласці, дзе ён гарбаціўся на лесапавале. Асудзілі нізашто. Ён трохі ведаў нямецкую мову, жыў пад акупацыяй. І хтосьці напісаў данос, што бацька супрацоўнічаў з немцамі. Адбыўся суд, на якім не далі слова сведкам у абарону бацькі. Прысудзілі 5 гадоў. У вайну і пасля вайны чаго толькі не было!..

– А з братам што здарылася?

– У той час заходнебеларускую моладзь адпраўлялі на гэтак званыя ўсесаюзныя будоўлі. Хацелі адправіць і брата. А ў хаце маці хворая, я – малы школьнік. І брат сказаў: не паеду! Іншым нічога, а брату (сын «ворага народа»!) далі тры гады, якія ён адбываў у Хабараўскім краі.

– Дык вы пры жывым бацьку раслі сіратой?

– Так атрымалася, бо бацьку і пасля вызвалення не дазволілі жыць дома. Ён пасяліўся ў суседнім Жабінкаўскім раёне, будаваў хаты. Пражыў амаль 87 гадоў. Не любіў, як ён казаў, саветчыны. Чырвонаармейцаў, што прыйшлі на нашы землі ў 1939-м, называў галадранцамі.

– А калі бацька змог вярнуцца ў сям’ю?

– Ён так і не вярнуўся. Мама, якая была для мяне святлом і цяплом, памерла рана, у 1959-м. Калі я паступіў у Брэсцкі педінстытут, бацька мне трошкі дапамагаў, мы сустракаліся. Расказваў мне, што следчы прызнаваўся: Жуковіч, твая віна не даказана. Але ўгаворваў пагадзіцца папрацаваць год-другі: краіне не хапае рабочых рук. І даў падпісаць паперу… Ужо ў незалежнай Беларусі я звяртаўся ў Вярхоўны суд наконт бацькавай рэабілітацыі. Мне адказалі, што справа не падлягае перагляду.

– Вы равеснік гістарычнай падзеі – 80 гадоў таму адбылося ўз’яднанне ўсходняй і заходняй частак Беларусі. Да гэтай даты стаўленне ў нашым грамадстве неадназначнае. А вы неяк адзначаеце 17 верасня?

– Не адзначаю. У Заходняй Беларусі быў вядомы такі праклён: «Каб цябе палякі захапілі, а саветы вызвалілі!» Ён пра многае гаворыць. Колькі людскіх лёсаў
паламала за кароткі час перад вайною савецкая рэпрэсіўная машына! А колькі несправядлівасці, крыўды і гвалту зазналі заходнікі ў пасляваенны час! Дастаткова згадаць прымусовы згон у калгасы, што разбуралі сем’і, сціралі адвечныя звычаі, забіралі ў чалавека свабоду. Наша сям’я ў калгас не пайшла, за гэта ў нас забралі поле, лужок і лес, а на калгасным палетку забаранілі пасвіць жывёлу… Але няма ліха без дабра – аб’яднанне Беларусі ўсё ж адбылося. І гэта факт бясспрэчна станоўчы.

– Нядаўна ў афіцыйным часопісе «Беларуская думка» быў апублікаваны артыкул інструкцыя для ўсёй уладнай вертыкалі, дзе гаворыцца, што тэма сталінскіх рэпрэсій у нас празмерна раздзьмутая, пажадана яе мінімізаваць. Як вы ўспрымаеце такую ўстаноўку ўлады?

– Мяне гэта проста абурае! Як можна маскіраваць тыя крывавыя падзеі, той разгул рэпрэсій?! Столькі бязвінных людзей было вынішчана – пісьменнікаў, навукоўцаў, святароў! Толькі сляпы і глухі можа складаць падобныя «інструкцыі». Толькі сляпы і глухі мог дазволіць пад Мінскам нейкую «Лінію Сталіна». Чаго добрага, яшчэ і помнік вернуць на Кастрычніцкую плошчу.

– Сярод жадаючых трапіць у новы парламент ёсць нейкая Мірсалімава, якая якраз і заклікае аднавіць помнік Сталіну ў цэнтры Мінска.

– Жах які! Зрэшты, не выпадае здзіўляцца – адкрылі ж помнік Дзяржынскаму ў Гродне (я чытаў вашу калонку ў «Народнай Волі» – «ФЭ на пастаменце»). Усё ж спадзяюся, што сталіністы ў заканадаўчую ўладу не пройдуць.

– А вы на выбары пойдзеце? Хто па вашай акрузе збіраецца вылучацца, ведаеце?

– Пакуль не ведаю, але на выбары пайду. Як казаў яшчэ за савецкім часам мой універсітэцкі настаўнік Уладзімір Калеснік, галасаваць трэба не за партыйцаў ці за беспартыйных, а за тых, хто за Беларусь, хто вядзе сваю кампанію па-беларуску. Без мовы мы не народ, а паўмёртвае, паслухмянае насельніцтва. А насельніцтву, як чарадзе авечак, корму падкінь – і паганяй куды захочаш…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Васілём Жуковічам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 20 верасня