Сцяпан Святлоў

21-гадовы беларускі блогер стаў аўтарам вельмі папулярнага Telegram-канала ў краіне.

Сцяпан Святлоў (прозвішча – творчы псеўданім. – аўт.) – сын былога спартыўнага каментатара Белтэлерадыёкампаніі, а зараз аглядальніка тэлеканала «Белсат» Аляксандра Пуцілы. Хлопец вучыцца ў адной з польскіх ВНУ, і менавіта ён з’яўляецца аўтарам папулярнага YouTube- і Telegramканала NEXTA.

– Яшчэ ў школе я захапіўся здымкай і мантажом відэаролікаў, якія неўзабаве стаў публікаваць на YouTube, – кажа Сцяпан. – У адзін цудоўны момант зразумеў, што ў мяне нешта атрымліваецца. Таму, калі паўстала пытанне аб выбары будучай прафесіі, варыянт разглядаўся толькі адзін. У беларускія ВНУ паступаць мне было нецікава, таму абраў Сілезскі ўніверсітэт у польскім Катавіцэ, дзе была спецыяльнасць «Арганізацыя вытворчасці кінематаграфічнай і тэлевізійнай прадукцыі».

– Зараз вучоба працягваецца?

– Універсітэт ужо амаль скончыў: праз некалькі тыдняў, спадзяюся, адбудзецца абарона дыпломнай працы, пасля чаго я стану бакалаўрам. Потым планую год працаваць над сваімі праектамі і, калі яны канчаткова «ўстануць на ногі», хачу працягнуць навучанне ў магістратуры. Па-першае, гэта цікава. Па-другое, якасць выкладання ў Польшчы такая, што ад вучобы атрымліваеш задавальненне. Нарэшце, па-трэцяе, тэхналогіі ўвесь час развіваюцца і быць прафесіяналам значыць пастаянна засвойваць нешта новае.

– Будзеце працаваць затым па спецыяльнасці?

– Па спецыяльнасці я працую ўжо зараз – на тэлеканале «Белсат». І мне гэтая праца вельмі падабаецца. Вядома, цяпер шмат часу займаюць мае ўласныя праекты, але сыходзіць адтуль усё адно пакуль не планую, паколькі гэтая праца акрамя зарплаты прыносіць яшчэ і кайф.

– Сцяпан, а з чаго пачыналася блогерства і колькі падпісчыкаў маеце зараз? Гэта больш захапленне ці праца, якая прыносіць прыбытак?

– Адзін разумны чалавек казаў, што людзі дасягаюць шчасця толькі тады, калі захапленне становіцца іх працай. Атрымліваецца, што я даволі шчаслівы – у мяне менавіта такая сітуацыя. А пачыналася ўсё з простага кліпа на песню «Выбару няма», якую мы з сябрамі запісалі перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2015 годзе. Тады ж была прыдумана і назва праекта – NEXTA. Я яшчэ планаваў бываць у краіне хоць бы на канікулах, таму адкрываць сваю асобу перад «кампетэнтнымі органамі» зусім не хацелася.

– Дарэчы, чаму менавіта такая назва праекта?

– Сэнс падвойны. Гэта і беларускае «нехта» – кожны, любы, і англійскае «nextA», што сімвалізуе наступнае пакаленне…

Поўны тэкст інтэрв’ю Сцяпана Святлова чытайце ў газеце «Народная Воля» за 20 верасня