Фота пасольства ЗША

Намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Хейл позна ўвечары 17 верасня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных палітычных сіл Беларусі. «Каб выказаць цвёрдую прыхільнасць Амерыкі да абароны чалавечай годнасці і фундаментальных дэмакратычных прынцыпаў», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні амерыканскага пасольства.

На сустрэчы прысутнічалі лідар БНК Мікалай Статкевіч, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнікі БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідары Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч, старшыня «Справядлівага свету» Сяргей Калякін, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, прадстаўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч.

Мікалай Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч мелі магчымасць правесці кароткую размову са спадаром Хейлам. «Сустрэча была кароткай, нас адразу папярэдзілі, што часу мала, таму персанальная размова будзе толькі з двума прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў — мной і Станіславам Шушкевічам», — расказвае Мікалай Статкевіч.

«Я падзяваў спадара Хейла, што ён сустракаецца не толькі з Лукашэнкам, але і з ягонымі праціўнікамі. Я сказаў, што для 80-90% беларусаў, якія цяпер супраць Лукашэнкі, вельмі важны гэтай сустрэчы. Важна, што Амерыка стаіць на сваёй пазіцыі падтрымкі дэмакратыі і свабоды па ўсім свеце.

Сам спадар Хейл у сваім выступе сказаў аб пазітыўнасці рашэння пра пасольства. Маўляў, будзе больш людзей, якія змогуць працаваць і з грамадзянскай супольнасцю. Ён пацвердзіў маральную пазіцыю ЗША аб тым, што каштоўнасці свабоды застаюцца нязменнымі», — адзначыў лідар БНК.

Намеснік дзяржасакратара ЗША Дэвід Хейл наведваў Беларусь 17 верасня. Ён правёў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнка, а таксама наведаў урочышча Курапаты, дзе ўсклаў кветкі.