На мінулых выходных Гомель, другі па велічыні горад Беларусі, адзначаў свой дзень народзінаў. Яму – 877 гадоў. Свята горада стартавала на набярэжнай Сожа і праходзіла ва ўсіх чатырох гарадскіх раёнах. Канцэрты, выставы, інтэрактыўныя зоны, конкурсы, тэматычныя пляцоўкі – выбар на любы густ і ўзрост.

Каля Лядовага палаца ладзіўся “Мясмалфэст”, дзе працавалі фуд-корты, ладзіліся майстар-класы па вырабу сыроў, дэгустацыі і нават гульні ў шашкі з выкарыстаннем бляшанак са згушчанкай.

Да дня горада Гомель атрымаў ад аблвыканкама сертыфікат на 2 мільёны 750 тысяч рублёў, якія старшыня гарвыканкама Пётр Кірычэнка дэкляраваў на завяршэнне будаўніцтва паліклінікі ў 17-м мікрараёне.

Прапануем 12 важкіх фактаў з гісторыі горада над Сожам.

1. Упершыню Гомель згадваецца ў гістарычнай Кіеўскай летапісі ў 1142 годзе – на 5 гадоў раней за Маскву. Князь Расціслаў Мсціслававіч з крывіцкага Смаленска напаў на Гомій, які належаў на той час чарнігаўскаму князю Ігару. Ваяры Расціслава ўзялі не толькі Гомель, але і яшчэ тры паселішчы тутэйшага павета. Аднак кіраваць горадам здаля было складана, і Гомель неўзабаве зноў адышоў ва ўладанне Ігара, а пасля перадаваўся ў спадчыну ад аднаго князя іншаму.

2. Каля 1355 года вялікі князь Альгерд, сын Гедзіміна, вярнуў Гомель у склад беларускай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Кіраваў Гомелем і Старадубам адначасова пляменнік князя Патрыкій Нарымунтовіч. Да горада цягнуліся паселішча радзімічаў – Уваравічы, Цярэнічы, Кашалёў, Марозавічы, Ліпінічы.
Гамельчукі займаліся хлебаробствам, пчалярствам, паляваннем на пушных звяроў. Бабровыя гоны ішлі па абодвух берагах Сожа і пачыналіся амаль пад самым замкам.
Найбольш гандлёвыя зносіны гомель у той час меў са Старадубам, Ноўгарад-Северскім, Чачэрскам і Кіевам, куды збываліся лодкі.

3. У 16 стагоддзі памежны Гомель зведаў частыя напады пад знакам абароны праваслаўя з боку Масковіі. Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Стары пісаў маскоўскаму вялікаму князю Васілю III, што “з Гомеля людзі кн.Сямёна ўрываюцца ў вобласці Літоўскія да Свіслачы і Бабруйска і ўчыняюць шкоду вялікую, як тыя татары, то наадварот. З таго і іншага боку рабуюць жывёлу і маёмасць, людзей часткова рэжуць, часткова адводзяць у палон”.

4. Вясной 1649 года палкоўнік Нябаба з 2500 казакамі з войска Багдана Хмяльніцкага і “паказачанымі” беларускімі сялянамі падступіўся да Гомеля. Было гэта ў святую суботу перад Вялікаднем. Пры падтрымцы шэрагу гарадскіх мяшчанаў казацкі атрад авалодаў Гомелем. Казакі помсцілі гараджанам за няўдачы сваіх папярэднікаў у спробах узняць насельніцтва паўднёвых раёнаў на вызваленчую барацьбу супраць польскага ўціску. Адбылася бойня. Загінула шмат каталікоў і каля 1500 габрэяў.

Аднак Нябаба нядоўга пратрымаўся у Гомелі. Войскі палявога гетмана ВКЛ Януша Радзівіла прымусіла казацкі загон выбрацца на левы бераг Сожа. Гомельскі замак быў умацаваны, на сценах пастаўлены гарматы, склепы папоўнены порахам. У горад увялі наёмныя атрады вугорскай і нямецкай пяхоты, а таксама харугву татар. Апошні стараста Гомеля ў ліку прадстаўнікоў ВКЛ, князь Міхаіл Чартарыйскі, атачыў замак дубовымі сценамі.

5. 25 сакавіка 1560 года вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст зацвердзіў герб Гомеля: “У чырвоным полі срэбны кавалерскі крыж”. У межах сучаснай Беларусі было толькі чатыры гарады, якія мелі свой герб (апроч Гомеля – Барысаў, Крычаў і Ворша). У 1670 годзе Гомель атрымаў Магдэбурскае права, што вызваліла яго з-пад адміністрацыйных уладаў і давала магчымасць на самакіраванне.

6. Пасля падпісання 5 жніўня 1772 года ў Пецярбурзе дамовы паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй аб першым падзеле Рэчы Паспалітай частка Мінскага ваяводства (з Гомелем, Рагачовым, Прапойскам і Чавусамі) адышла да Расійскай імперыі. Дасталася ёй таксама ўсё Мсціслаўскае ваяводства, а таксама Віцебскае без заходняй часткі і ўсход Полацкага ваяводства. Гомель зрабілі ўезным горадам Рагачоўскай правінцыі. Неўзабаве імператарка Кацярына II падарыла Гомель фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму, як пазначана ва ўказе, “для ўвесялення”.

7. Прыканцы 19 стагоддзя ў Гомелі налічвалася каля 50 тысяч жыхароў. Многія з іх спажывалі рачную ваду, карысталіся паслугамі вадавозаў. У 1895 годзе Гарадскі галава барон Нолькен прызнаваў: “Ужыванне такой вады спрыяе розным захворванням, а таксама распаўсюджванню захворванняў, як гэта праявілася ў апошнюю халерную эпідэмію”.

На той час у гарадскім парку, які належаў ужо князю Паскевічу, з’явіўся першы артэзіянскі калодзеж з падачай вады па трубах. Карысталіся артэзіянскай вадой толькі заможныя гараджане. Будаваць гарадскі вадаправод агульнага карыстання пачалі толькі праз дзесяць гадоў, калі адбыліся бурлівыя падзеі рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Сродкаў бракавала. Выпусцілі аблігацыі, так званую гарадскую пазыку на 200 тысяч рублёў. Будаўніцтва вяла варшаўская фірма “Држэвецкі і Езіаранскі”.
На беразе Сожа прабілі артэзіянскую свідравіну на 213 метраў, яна давала ў гадзіну 3,6 тысячы вёдзер вады. Адкрылі гарадскі вадаправод 1 студзеня 1909. Працягласць яго складала 6,8 кіламетра, 22 сядзібы былі аблаштаваны хатнімі калонкамі.

8. Падчас Першай сусветнай вайны Гомель быў акупаваны германскімі войскамі. Абвешчаная ў снежні 1917 года Украінская Народная Рэспубліка дамаглася на мірных перамовах у Берасці перадачы ёй Гомельскага, Рэчыцкага і Мазырскага ўездаў. У сакавіку 2018 года ў Мазыры нямецкае камандаванне афіцыйна перадало іх УНР. Гомельская гарадская дума пратэставала, але да яе ніхто не прыслухаўся. Гомель апынуўся ў складзе Чарнігаўскай губерні. Такі ход падзей падтрымала Гомельская дырэкторыя, утвораная гарадской рабочай канферэнцыяй праз высілкі камітэтаў меншавікоў, бундаўцаў і арганізацыі сацыял-сіяністаў. 18 снежня таго ж 1918 года бальшавікі ды некаторыя іншыя левыя сілы аднавілі ў Гомелі рэвкам, набраўшы ў склад яго новых чальцоў. У горад уступілі часці Чырвонай Арміі, уладу перадалі рэвкаму. Сам Гомель і ўезд далучылі да РСФСР.

9. У 1926 годзе на Гомельшчыне працавала камісія Палітбюро ЦК ВКП(б), якая прызнала беларускі характар насельніцтва губерні. 18 снежня згаданага года вырашана было далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы ў склад БССР. Падчас індустрыялізацыі ў горадзе паўсталі заводы “Гомсельмаш”, вагонарамонтны, “Гомельшкло”, дрэваапрацоўчы камбінат, рачны порт, фабрыка “Камінтэрн” ды іншыя прадпрыемствы.

10. Гомель цяпер – другі па велічыне і эканамічнаму патэнцыялу горад у незалежнай Беларусі, мае добрую інфраструктуру, прамысловасць, навуку і культуру. Тут жыве 535 тысяч жыхароў. Эканамічны патэнцыял яго складаюць 103 прамысловых прадпрыемствы, 69 будаўнічых арганізацый, 23 прадпрыемствы транспарту і сувязі, 110 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. У горадзе вырабляюць карма- і збожжаўборачныя камбайны, металаапрацоўчыя станкі, шкло, пускавыя рухавікі і радыёабсталяванне, мэблю і будаўнічыя матэрыялы, кабель, хімічныя ўгнаенні, абутак, швейныя вырабы і трыкатаж, мясамалочную прадукцыю, кандытарскія вырабы, шпалеры, апрацоўваюць алмазы. Каля 36 адсоткаў спажывецкіх тавараў прыпадае на фабрыку “Спартак”, акцыянерныя таварыствы “Гомельскі мясакамбінат” і “Малочныя прадукты”.

11. Звыш 600 прадпрыемстваў і арганізацый горада гандлююць са 100 краінамі свету. Найбольшая доля знешнегандлёвага тавараабароту прыпадае на Расіі, Германію, Украіну, Польшчу і Літву.

12. Штогод у горадзе праходзіць каля 20 разнастайных фэстаў, 1500 канцэртаў, 180 мастацкіх выставаў. Гомель вядомы сваімі фэстамі і конкурсамі “Сожскі карагод”, “Залатая рысь”, “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, “Рэнесанс гітары”.

Фота аўтара