Міхась Скобла

Днямі прастору байнету абляцела даўно чаканая навіна – пры праваслаўнай царкве ў шматлюдным прыходзе адкрыліся курсы беларускай мовы. Прычым не высілкамі вернікаў, а па ініцыятыве і з дабраславення архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Здавалася, як тут не парадавацца – нарэшце і іерархі БПЦ пранікліся клопатам пра беларускую мову, якая падчас набажэнстваў у праваслаўных храмах гучыць па-ранейшаму вельмі рэдка. Але радасць атрымалася са смуткам – аказваецца, царква тая, ашчасліўленая моўнымі курсамі, знаходзіцца ў… Маскве.

Пахвальна, што архіепіскап Дзімітрый не забывае пра суайчыннікаў за мяжой і гатовы па пастырскім абавязку акармляць іх духоўна, у тым ліку роднай мовай. Толькі чаму той самай мовы не чуваць у храмах кіраванай шаноўным уладыкам епархіі? Гадоў дзесяць таму ў віцебскай Успенскай царкве была спроба наладзіць беларускамоўныя службы, ды справа нешта не пайшла. З тае пары мова ў Віцебска-Аршанскай епархіі – на становішчы падчаркі, нават у нядзельных школах для дзяцей ёй месца няма. Ды і сам уладыка Дзімітрый, здаецца, святочных пропаведзяў па-беларуску не прамаўляе. У адрозненне, скажам, ад архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, чые беларускамоўныя «Пропаведзі» (400 старонак!) тройчы перавыдаваліся выдавецтвам Мінскай духоўнай семінарыі. Прыклад са свайго архірэя бяруць і маладыя святары на Гродзеншчыне – беларускую мову можна пачуць з іх вуснаў і ў старажытнай Каложы, і ў гродзенскім Свята-Пакроўскім саборы, і ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве.

То хай бы і ўладыка Дзімітрый паклапаціўся пра пашырэнне роднай мовы найперш у сваёй епархіі. Дабраславіў бы моўныя курсы ў Віцебску – для сваіх святароў, для актывістаў прыходскіх камітэтаў, для дзетак прыхаджан. І ўладыку Арцемія на першыя заняткі запрасіў бы – хай бы той падзяліўся досведам.

Толькі наўрад ці нешта падобнае адбудзецца. Вось у Маскве, падалей ад начальства, – калі ласка…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 17 верасня