Фото: БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў далейшым развіцці дружалюбных адносін з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Аб гэтым ён заявіў сёння на перагаворах з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, які ўпершыню наведвае Беларусь з афіцыйным візітам, перадае БЕЛТА.

«Нас звязваюць даўнія добрыя адносіны, больш таго — дружалюбныя адносіны. І я шчыра рады сустракаць вас у Беларусі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што паміж дзвюма краінамі, эканоміка гэта ці палітыка, няма ніякіх праблем або спрэчных пытанняў. «Думаю, нашы адносіны будуць развівацца ў такім жа дружалюбным напрамку. Фундаментам любых палітычных адносін з’яўляецца эканоміка, гандаль. Тут нам ёсць над чым працаваць. Упэўнены, што ваш візіт у Беларусь надасць сур’ёзную дынаміку ў гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным плане», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы знойдзем напрамкі нашага супрацоўніцтва. Тым больш што закрытых тэм і закрытых сфер для адносін паміж Эміратамі і Беларуссю няма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка ўпэўнены ў далейшым развіцці дружалюбных адносін з ААЭКіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што гэта першы візіт у Беларусь наследнага прынца. «Вы толькі што сказалі, што вам спадабалася ў Беларусі і спадабаліся нашы людзі. У любы час на любы тэрмін прыязджайце да нас адпачыць. Тым больш лета, ды і пачатак восені ў вас (у ААЭ. — Заўвага БЕЛТА) з нашага пункту гледжання час гарачы — пад 40 градусаў, а часам і вышэй. Таму мы гатовы прадаставіць усе паслугі, каб вы маглі гэты час правесці ў Беларусі», — сказаў прэзідэнт.

«Вы былі ў многіх краінах. У Беларусі першы раз. Але ведайце, што гэта не чужая вам зямля. Тым больш у вас тут свой дом», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.