Юрый ЗІСЕР, бізнесмен, мецэнат:

– Я не згодны. Я вадзіў машыны ў 17 краінах свету, у Мінску езджу за рулём амаль штодня і за 23 гады нямала пабачыў. Дык вось мне гэтая скрадзеная на Захадзе ідэя зусім не падабаецца. Не ва ўсім трэба капіраваць Еўропу. Там вузкія вулачкі, і агульнае абмежаванне 50 км/гадзіну ў населеных пунктах цалкам апраўдана. Ёсць нават зоны, дзе пазначана 30, – у цэнтрах маленькіх гарадоў. Затое на буйных шматпалосных вуліцах звычайна стаяць знакі 70 і нават 80, як у нас раней было на праспектах Пераможцаў і Партызанскім, а на Незалежнасці ва Уруччы і цяпер 80. Ніякіх праблем гэта нікому не стварае.

Армен САРДАРАЎ, архітэктар:

– Так, я згодны. І растлумачу чаму. Я лічу, што асноўная планіровачная сетка ў цэнтры горада (і не толькі ў яго гістарычнай частцы, а і ў забудове 1970–1980-х гадоў) не прыстасавана для такога інтэнсіўнага руху, які мы назіраем у Мінску сёння. Ён вырас у сотні, калі не ў тысячы, разоў! Ніякія нормы ўжо выканаць немагчыма. Таму трэба абмежаваць хуткасць руху транспартных сродкаў.

Антон КУРГАНОВІЧ, бізнесмен:

– Некаторыя лічаць, што падобнае абмежаванне хуткасці паўплывае на загазаванасць нашага горада. Гэта не так! Газы ў асноўным выпрацоўваюцца не ад нізкай хуткасці, а ад разгону. У стабільным жа рэжыме руху розніца па выкідах паміж 60 і 50 кіламетрамі ў гадзіну будзе неістотная. Затое смяротнасць у ДТЗ, асабліва з пешаходамі, будзе ніжэй. Я лічу, што выратаваныя жыцці стаяць таго.

Ірына АБАШЫНА, выкладчыца рускай мовы:

– Абмежаванне хуткасці ў цэнтры горада цалкам апраўдана. Але гэта не павінна тычыцца тых праспектаў, дзе ёсць чатыры паласы руху ў кожны бок. Навошта, напрыклад, на Дзяржынцы ехаць так павольна? Гэта будзе неапраўданым патрабаваннем. Да ўсяго трэба падыходзіць узважана, паўсюдна ў двухмільённым горадзе ўводзіць абмежаванне да 50 кіламетраў у гадзіну не варта. І потым, трэба даць нам, кіроўцам, перыяд на адаптацыю. Хай ДАІ спачатку на месяц-другі паставіць камеры і прааналізуе, што ў рэальнасці дае гораду такое абмежаванне хуткасці, а не будзе тут жа з радасцю штрафы стрыгчы на кожным кіламетры.

Павел СЯРДЗЮК, протаіерэй:

– Я за абмежаванне хуткасці. Пры надзвычайнай сітуацыі на дарозе гэта дае значна больш шанцаў кіроўцу пазбегнуць трагедыі і захаваць сваю і чужыя жыцці.

Надзея МЫШЭЛАВА, юрыст:

– Так, згодна, калі падыход будзе разумны. Таму што на некаторых вуліцах ехаць з хуткасцю 50 кіламетраў у гадзіну немагчыма. У большасці месцаў хуткасць руху транспарту можна і абмежаваць, але не ўсюды.

Валерый ДЗМІТРАЧЭНКА, кінапрадзюсар:

– З маім вопытам і акуратнасцю любая хуткасць не праблема. Але мне для руху па горадзе 50 кіламетраў у гадзіну мала. Тым жа кіроўцам, хто адчувае сябе за рулём няўпэўнена ці любіць вар’яцкую язду, вядома, патрэбны строгія абмежаванні.