Фота аўтара

На адным з адрэзкаў дарогі на вуліцы Горкага мастакі з пэндзлямі ў руках малююць гістарычную рэтраспектыву ў стылізаваных выявах горада і вядомых гродзенцаў. Новы незвычайны праект “Гродзенскі мадонары” прысвечаны да Дня горада, які будуць адзначаць у бліжэйшыя выходныя.

Размаляваная дарога расцягнецца амаль на 250 метраў у даўжыню і 11 у шырыню. На ёй гродзенскія мастакі спрабуюць графічна нанесці на асфальт рэтраспектыўныя моманты гісторыі Гродна.

Ідэя праекта належыць рэжысёру мерапрыемстваў да Дня горада Агаце Мацко, якая з’яўляецца выкладчыцай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

“Ідэя “Гродзенскага мадонары” ў тым, каб было проста прыгожа, — сказала “Народнай волі” рэжысёр святочных мерапрыемстваў Агата Мацко. – Гэта першая спроба ў Беларусі размаляваць бяспечна і прыгожа дарогу. Гэта такі падарунак гораду ад мастакоў”.

На першых малюнках “трубы гарадзенскія”, як пра гэта і гаворыцца ў старажытных летапісах, герб горада. Мастак Сяргей Рыбак графічна спрабуе адлюстраваць эпоху Тызенгаўза, якую ён найглыбей ведае.

Ірына Сільвановіч, дырэктарка Гродзенскай выставачнай залы, якая кіруе працэсам, распавядае, што на кавалку дарогі імкнуцца ўмясціць найбольш важныя і цікавыя падзеі з гісторыі Гродна і паказвае, што знайшлі месца нават дзеля таго, каб узгадаць першы ў Беларусі заапарк, якому сёлета спаўняецца 90 год.

“Ідэя ў многім развіваецца падчас самой працы, — кажа Сільвановіч. – Справа ў тым, што часу на падрыхтоўку амаль не было, а таму імкнёмся імправізаваць у працэсе працы. Дарэчы, з’явяцца і цёплыя вітальныя запрашэнні для турыстаў, каб яны часцей наведвалі наш горад”.

Месца для новага праекту, паводле Сільвановіч, абрана невыпадкова: дарога тут цягнецца пад ухілам і калі стаяць унізе, то малюнкі будуць добра бачныя. А яшчэ менавіта тут будзе праходзіць маршрут удзельнікаў святкавання.

Не супраць малюнкаў на дарозе і мясцовае ДАІ, ідэю падтрымалі і цяпер будуць уважліва назіраць як гэта паўплывае на дарожны рух.

І яшчэ адзін спрэчны момант, які датычыць першай згадкі пра Гродна ў старажытных летапісах. Сёлета горад на афіцыйным узроўні будзе адзначаць сваё 890 годдзе. Гродзенскі гісторык Вячаслаў Швед ужо больш за 10 год як апублікаваў звесткі аб тым, што першая згадка пра Гродна адносіцца да 14 жніўня 1127 года, а гэта значыць, што сёлета ўжо 891 гадавіна з часу першай згадкі пра Гродна, а не 890-я, як прынята лічыць на афіцыйным узроўні.

Гісторык неаднойчы публікаваў урыўкі з Іпацьеўскага і Радзівілаўскага летапісаў, якія сведчаць аб тым, што ўпамінанне пра горад ёсць і ў 1127 годзе, праўда, ні ўлады, ні грамадскасць на гэта ўвагі так і не звяртаюць.