Так выглядае магіла Віктара Каліноўскага ў Свіслачы пасля аднаўлення

На магіле Віктара Каліноўскага праводзіліся археалагічныя раскопкі з мэтай эксгумацыі парэшткаў з магілы. Следчы камітэт РБ праводзіў гэтыя мерапрыемствы дзеля ідэнтыфікацыі з мяркуемымі астанкамі Кастуся Каліноўскага (роднага брата Віктара), якія былі раскапаны літоўскімі археолагамі ў Вільнюсе.

Афіцыйных вынікаў эксгумацыі Следчы камітэт пакуль не абнародаваў. Аднак помнік на магіле Каліноўскага адноўлены, стары камень з крыжам і памятная шыльда вернуты на месца. Надмагілле таксама ўпарадкавана.

“Зрабілі ўсё прыстойна, нават лепей, чым было, — заўважыў для “Народнай волі” свіслацкі актывіст Юры Глебік, які ўдзельнічаў як назіральнік ад грамадскасці падчас археалагічных раскопак. – Ды і рабілі не спяшаючыся ў некалькі этапаў, каб добра трымалася».

Рашэнне аб даследаванні магілы Віктара Каліноўскага, як раней пісала “Народная воля”, было прынята пасля таго, як літоўскі бок звярнуўся да беларускіх уладаў з такой просьбай. Літоўскія навукоўцы кажуць, што іншых слядоў, каб ідэнтыфікаваць Кастуся Каліноўскага яны не ведаюць. Хаця насамрэч, паводле беларускіх гісторыкаў, пахаванні блізкіх людзей кіраўніка паўстання 1863 года яшчэ можна знайсці і на тэрыторыі Беларусі, а таксама на Беласточчыне ў Польшчы.

Нагадаем, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года знайшлі на гары Гедыміна ў Вільнюсе падчас адмысловых будаўнічых работ па ўмацаванню схіла гары. Кастусь Каліноўскі быў павешаны 22 сакавіка 1864 году ў Вільнюсе на Лукішках. Яму было тады 26 гадоў. Зараз праходзіць працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў, якія меркавана належаць Каліноўскаму.