Пасля 15 гадоў, праведзеных у турме за забойства чалавека, Станіслаў Цыбінскі вось ужо паўтара года на волі намагаецца знайсці свой шлях у жыцці. Працуе афіцыянтам у двух гродзенскіх рэстаранах і большую частку заробленых грошай траціць на дапамогу былым зняволеным, адпраўляе пасылкі ў турму тым, каму ніхто нічога не шле. І ходзіць па чыноўніцкіх кабінетах, каб зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю «Рука дапамогі», бо ведае, што многім людзям у нашай краіне трэба дапамагчы ў жыцці. Ёсць і іншыя планы.

Тое, што ўжо ў мінулым

Ён знешне зусім не падобны на чалавека з крымінальным мінулым. Белая кашуля, адпрасаваныя нагавіцы, чысты твар. Невысокага росту, сціплы, вельмі адкрыты да размовы, вочы не адводзіць убок.

Яго лёс не пажадаеш нікому, але ён такі, які ёсць. Сірата. Калі памёр бацька, Станіслаў быў яшчэ немаўлём, маці сышла з хаты, папросту кінуўшы яго. Выхоўваўся ў дзіцячым доме, на лета дамоў забірала бабуля.

Ён забіў хлопца, які згвалціў яго дзяўчыну. Паваліў на зямлю і біў па-вар’яцку нагамі. У ахвяры было зламана рабро, яно прабіла лёгкае, што стала прычынай смерці.

«Любоў – першы светлы прамень, што з’явіўся ў маім жыцці, – згадвае Цыбінскі. – Я быў малады, безразважны і, на жаль, здзейсніў гэты жудасны ўчынак…»

Пасля турмы Станіслаў паехаў да маці забітага хлопца і папрасіў прабачэння. Яны доўга разам плакалі, а потым жанчына сказала: «Ты забраў у мяне сына, то цяпер будзеш мне за сына«. Цяпер ён часта тэлефануе ёй, наведвае.

Дзяўчына, якую кахаў, лістоў у турму не пісала, хаця ён вельмі чакаў. Цяпер яна выхоўвае сваіх дзетак, а Станіслаў кажа, што каханне прайшло і ў яго.

Пасля турмы не ведаў, куды ісці і што рабіць

У турме, як згадвае Станіслаў, давялося пабачыць шмат чаго страшнага, але самым вялікім жаданнем было выйсці на волю, ізноў адчуць сябе чалавекам і дапамагаць іншым людзям.

Аказалася, што на волі папросту няма дзе жыць. Бабуля, якая была ягонай апякункай, памерла, кватэру забрала дзяржава. Статус сіраты, з якім ён мог мець ільготы на жыллё, быў даўно страчаны па ўзросце…

Поўны тэкст артыкула Міхала Карневіча чытайце ў газеце «Народная Воля» за 10 верасня