Мікола Бушчык. Фота: racyja.com

Ідучы на сустрэчу са сваім суразмоўцам, я не думаў, што патраплю ў трохпавярховы магнацкі палац з дубовымі лесвіцамі і заламі, дзе вісяць старасвецкія абразы. У Слоніме, дзе ад нядаўняга часу жыве мастак, такія прыватныя дамы можна пералічыць на пальцах адной рукі. Над мальбертам у прасторнай майстэрні мне адразу кінуўся ў вочы транспаранцік з радкамі Барыса Пастарнака: «Не спи, не спи, художник, / не предавайся сну. / Ты вечности заложник / у времени в плену». Гэтымі словамі і кіруецца ў творчасці і сямейным жыцці сталы творца і малады бацька Мікола БУШЧЫК – госць рубрыкі «Дыялогі».

«З боку Саюза мастакоў быў пэўны ўціск»

– Мікола, мала хто амаль у семдзесят гадоў адважваецца кардынальна змяніць жыццё. Вы гэта зрабілі – пераехалі жыць з Мінска ў Слонім, са сталіцы ў райцэнтр. Чым гэта было выклікана?

– Тут некалькі прычын. Па-першае, у мяне не склаліся адносіны з кіраўніцтвам Саюза
мастакоў, з’явіліся праблемы з выставамі. Калі я звяртаўся ў нейкія музеі, мне адмаўлялі, спасылаючыся на саюз. Пачалі здымаць мае творы на выставах, якія ад саюза курыруе намеснік старшыні Леанід Хобатаў, з якім мы некалі разам былі ў нонканфармісцкай суполцы «Няміга-17». А цяпер, я лічу, большага канфарміста, чым ён, нават цяжка ўявіць. У 2014 годзе, калі пачалася вайна на ўсходзе Украіны, я напісаў і выставіў у Палацы мастацтва ўкраінскі трыпціх. З-за яго і пачаўся ўвесь сыр-бор. Твор знялі з выставы, не дазволілі выставіць і на секцыі жывапісу.

– А чым той трыпціх такі крамольны?

– Нічога крамольнага ў ім няма. Там на адной з карцін – пісягі парашэнкаўскага шакаладу, як кроў… Трэба сказаць, што ў мяне і з папярэднім кіраўніком Саюза мастакоў Уладзімірам Савічам адносіны не склаліся. Калі маю кандыдатуру вылучылі на старшыню саюза, ён мне адкрыта пагражаў: мы цябе ў парашок сатром. І я зняўся з выбараў, перадаўшы свае галасы Уладзіміру Слабодчыкаву. У выніку старшынёй быў абраны Рыгор Сітніца, я адышоў ад актыўнай дзейнасці ў саюзе, але той учынак, як выглядае, мне не забылі. З боку Саюза мастакоў быў пэўны ўціск. Прыходжу, скажам, у Мастацкі музей да Уладзіміра Пракапцова, каб зрабіць выставу да свайго 70-годдзя. І чую: прабач, Мікола, мы персанальных выстаў сучасных мастакоў больш не робім. А потым – адна за адной праходзяць персаналкі… Пракапцоў – як маленькі князёк, аднаасобна вырашае, каго выстаўляць, каго не. Выходзіць, для нашых кіраўнікоў я – пустое месца. Я ніколі не атрымліваў ні медалёў, ні званняў, я нікому не канкурэнт. Проста раблю сваё, ні пад каго не падрабляюся.

– Дык гэта канфлікт з кіраўніцтвам саюза мастакоў і змусіў вас перабрацца ў Слонім?

– А чым у Слоніме кепска? Жыццё сёння змянілася. Сучаснаму мастаку не абавязкова жыць у Парыжы, Лондане ці Мінску, каб быць у курсе спраў. Інтэрнэт ёсць паўсюдна, дарога сюды выдатная – дзве гадзіны, і я ў Мінску. Але мне там стала няўтульна. Мінск стаў занадта мітуслівым, ён мне як мастаку стаў моцна замінаць. Калі раней я ездзіў з выставамі па ўсім свеце, то адусюль – з Масквы, з Санкт-Пецярбурга, з Польшчы, з Германіі – з задавальненнем вяртаўся ў Мінск. А цяпер ён мяне не вабіць – тусовачны, бетонна-шкляны, бензінавы. Уязджаеш у горад, і лёгкія адмаўляюцца дыхаць – у паветры смурод ад выхлапных газаў. Пажыўшы ў зялёным і спакойным Слоніме, гэта адчуваеш асабліва.

Дом, у якім можна заблукаць

– У вас дом – як палац Сапегі. Як удалося яго набыць?

– Гэты дом я набыў, прадаўшы двухпакаёвую кватэру ў Мінску і немалую суму даплаціўшы (сябры пазычылі). Абышоўся ён мне каля 70.000 долараў. Перад гэтым я пабываў і на Нарачы, і на Віцебшчыне, і на Гродзеншчыне – шмат дамоў паглядзеў. Але не было такога, які мяне задавальняў бы. Слонімскі дом я выпадкова знайшоў у інтэрнэце.

– Уяўляю, у колькі абыходзіцца яго ўтрыманне.

– Не дужа дорага. За ўвесь будынак я цяпер плачу ў разы чатыры менш, чым плаціў за мінскую майстэрню. Каля 90 рублёў летам, і прыблізна 180 узімку. Прычым у доме 420 квадратных метраў! Жывём мы з жонкай і дачкой на двух паверхах, на самым высокім – прасторная майстэрня і зала, дзе можна размясціць карціны…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Міколай Бушчыкам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 10 верасня