Фота з адкрытых крыніц

У Гродне адбылася сустрэча кіраўніцтва Гродзенскай вобласці з дэлегацыяй кітайскай правінцыі Хайнань.

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што кітайскі бок перадаў гродзенцам ліст з канкрэтнымі прапановамі аб супрацоўніцтве, які падпісаў губернатар Хайнаньскай правінцыі.

Пакуль таваразварот Гродзеншчыны з Кітаем складае каля 200 мільёнаў долараў у год. На экспарт адпраўляецца прадукцыя прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, малакаперапрацоўчых канцэрнаў.

Падчас перамоваў гродзенскі бок выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва ў вобласці турызму, лагістыкі і культуры.  Старшыня народнага палітычнага кансультатыўнага савету правінцыйнага камітэту Хайнань Мао Ванчунь распавёў, што Хайнань – турыстычны цэнтр Азіі, які часта называюць кітайскімі Гаваямі з-за лагоднага клімату і прыгожай прыроды. Ён і прапанаваў гродзенскаму боку арганізаваць прамое авіязлучэнне паміж Гродна і курортам Санья.

Гродзенскі бок запэўніў кітайскіх партнёраў, што ўсе прапановы аб супрацоўніцтве ў бліжэйшы час будуць падрабязна вывучаны.