Фота аўтара

Сяргей Трахаўцоў працуе на Мінскім трактарным заводзе газазваршчыкам больш за 12 гадоў, і да апошняга часу з боку начальства да яго не было ніякіх прэтэнзій. Але на пачатку гэтага года ён трапіў у непрыемную сітуацыю.

“14 лютага я знайшоў у цэху схаваны пакет з кавалкамі дроту, – распавядае
Сяргей перадгісторыю. – Можа быць, нехта хацеў вынесці і прадаць як каляровы метал. Мне б плюнуць на гэты пакет і прайсці міма, але паддаўся на спакусу і самому крыху зарабіць. Вырашыў пранесці дрот праз прахадную, хаця зараз разумею, што гэта было самае сапраўднае глупства. Адным словам, злавілі, склалі адміністрацыйны акт, у якім указвалася, што “спрабаваў скрасці маёмасць на суму 17 рублёў 47 капеек”, далі штраф, які я своечасова заплаціў”.

Рабочы цалкам прызнаў сваю віну, казаў, што гэта ў яго біяграфіі першы такі праступак. Быў гатовы да таго, што начальства вынесе яму вымову альбо пазбавіць прэміяльных. Але гісторыя пачала развівацца па іншым сцэнарыі.

“Пасля гэтага я яшчэ амаль шэсць месяцаў працаваў, схадзіў у адпачынак, а ў чэрвені даведваюся, што за гэты ўчынак мяне звальняюць “па артыкуле”, – працягвае
Сяргей. – Шчыра кажучы, было крыўдна. З 2007 года працаваў як мае быць, без аніякіх нараканняў, а тут адзін раз аступіўся, і адразу – вон з прадпрыемства!

Калегі ў цэху смяяліся, што звальняюць за нейкі дрот на 17 рублёў, адправілі кіраўніцтву нават ліст у маю падтрымку, амаль 30 чалавек падпісалі, каб мяне пакінулі на працы. Куды там! Так спяшаліся звольніць, што нават не далі абхадны лісток падпісаць”.

Трэба сказаць, што Сяргей Трахаўцоў – бацька траіх непаўнагадовых дзяцей…

Поўны тэкст артыкула Алеся Сівага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 6 верасня