Аляксандр Класкоўскі

Усё па-старому: у акруговыя ды тэрытарыяльныя камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў апазіцыянераў уключылі самае каліва. Пры гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, якую цытуе БЕЛТА, цвердзіць, што задаволена кампаніяй, бо тая ідзе ў штатным рэжыме.

Відаць, штатны рэжым для ўлад – гэта калі магчымасці канкурэнцыі на выбарах, кантролю за падлікам галасоў падсякаюцца пад корань ужо на першых этапах.

Мяркуйце самі: з 1430 чальцоў акруговых выбарчых камісій да апазіцыянераў можна прылічыць толькі тры дзясяткі з хвосцікам. Ды і тое з іх 23 уваходзяць у партыю “Справядлівы свет”. Гэта былыя камуністы, якія, мусіць, здаюцца вертыкалі меней небяспечнымі.

Ярмошына ж казырае тым, што 72,8% у акруговых камісіях складаюць прадстаўнікі партый ды грамадскіх арганізацый. Сапраўды, фармальна ўдвая перавыканана норма Выбарчага кодэкса: каб такіх прадстаўнікоў было не меней за трэць. Норму ўвялі пад ціскам міжнародных арганізацый у 2010 годзе. Але ўлады ператварылі яе ў здзек. Бо запаўняюць квоту найперш за кошт праўладных структур, апазіцыянераў жа збольшага адсейваюць.

Вось і цяпер на першых пазіцыях у акруговых камісіях – афіцыйныя прафсаюзы, “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын, БРСМ… З партый найболей месцаў атрымалі КПБ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і некаторыя іншыя, пра якія між выбарамі зусім не чутно. А вось ад Партыі БНФ – толькі тры чалавекі, ад Аб’яднанай грамадзянскай – адзін. У тэрытарыяльных камісіях таксама дамінуюць праўладныя кадры.

Красамоўны прыклад: рух “За Свабоду” парупіўся вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 110 акруговых і сем тэрытарыяльных камісій. У выніку, як паведаміў аўтару гэтых радкоў лідар арганізацыі Юрась Губарэвіч, толькі чацвёра патрапілі ў акруговыя камісіі, астатнія апынуліся за бортам…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 6 верасня