
Мінскі калекцыянер і рэканструктар Андрэй Камоска адчыніў у Гродне выставу старых ровараў, якія выпускаліся ў Беларусі. Сярод іх рэдкія экзэмпляры ровараў “Нёман”. Іх вытворчасць была наладжана ў Гродне ў міжваенны час, калі горад быў у складзе Польшчы.
Андрэй Камоска прадставіў у Гродне выставу дарослых і дзіцячых ровараў. Яна носіць назву «Ровары дзядзькі Андрэя». Яго калекцыя налічвае 12 адноўленых рэтра-ровараў, але ў Гродне ён прадставіў толькі чатыры экзэмпляры для дарослых і некалькі дзіцячых, якія выпускаліся беларускімі вытворцамі ад пачатку 20-х гадоў.
Калекцыянер заўважыў для “Народнай волі”, што, на жаль, гісторыя беларускіх ровараў не папулірызуецца ў краіне, хаця дагэтуль у Беларусі існуе іх вытворчасць. Паводле яго, у шасцітомным выданні энцыклапедыі “Гісторыі Беларусі” нават няма згадкі пра гродзенскія ровары “Нёман” фабрыкі братоў Старавольскіх.

“Першыя ровары ў савецкай Беларусі выпускаліся ў 1927 годзе на заводзе “Ударнік” у горадзе Менску, – кажа Камоска. – Менск я кажу не выпадкова, бо менавіта такі надпіс быў на тых роварах, паколькі Мінскам наша сталіца стане толькі ў 1938 годзе. Экземпляраў гэтых ровараў практычна не захавалася, іх колькасць папросту была мізэрнай”.
Што датычыць ровараў з маркай “Нёман”, якія прыцягнулі найбольшую ўвагу наведвальнікаў выставы, то калекцыянер распавядае, што на той час яны практычна ні чым не адрозніваліся ад тых, якія выпускаліся ў іншых заходнееўрапейскіх краінах.
Ровары “Нёман”, якія выпускаліся ў Гродне ў міжваенны час
“Старавольскія рабілі копіі лепшых нямецкіх і англійскіх ровараў таго часу. Яны па-сутнасці збіралі ровары з набораў запчастак заходніх фірмаў, якія прадаваліся буйнымі кампаніямі на рынку, – распавядае калекцыянер. – Па ўсёй Еўропе тады сотні дробных вытворцаў рабілі тое самае. Але адметнасцю гродзенскіх ровараў было тое, што на іх стаяла марка “Нёман”. І што вельмі істотна – ровары былі вельмі трывалыя, моцныя, цяжкія і вельмі надзейныя, надаваліся, як для добрых дарог, так і для бездарожжа”.
Пра сябе Андрэй Камоска кажа, што з роварам пасябраваў з самага дзяцінства, калі яшчэ гадаваўся ў бабулі ў вёсцы на Віцебшчыне. Пазней, у дарослым узросце яго зацікавілі рэтра-ровары аднаго з калекцыянераў у Латвіі. Ён быў здзіўлены, што ў маленькай краіне ў міжваенны час выпускалі каля 70 розных марак ровараў.
“Мяне гэта вельмі ўразіла і прывяло да таго, што я зацікавіўся вытворчасцю ровараў у сваёй краіне і цяпер не ўяўляю сябе без гэтай справы, – кажа Камоска. – На вялікі жаль, нягледзячы, што ў нас яшчэ існуе завод па вытворчасці ровараў, гісторыяй і аднаўленнем старых экзэмпляраў займаюцца толькі адзінкі людзей”.
Набыць зараз цэлы ровар старой вытворчасці ў Беларусі, паводле калекцыянера, практычна немагчыма, даводзіцца збіраць такія экземпляры па частках.
“Яшчэ ў савецкія часы ў нас усё здавалася на металалом і ніхто не глядзеў на тое, што гэта наша гісторыя, – заўважае Камоска. – Так мы згубілі сапраўдныя брыльянты”.
На выставе, акрамя калекцыі рэтра-ровараў дэманструецца калекцыя нумарных знакаў, заводскіх таблічак, старых рэкламных аб’яў і здымкі гарадзенцаў, якія любілі фатаграфавацца разам з роварам.

Дарэчы, на выставе гучыць музыка міжваеннага часу і яе гук даносіцца з сапраўднага патэфону.