Здымак: Танк на плошчы Савецкай у Гродне цяпер пад новым нумарам

На вежы помніку-танку, які знаходзіцца ў цэнтры Гродна і гарматай глядзіць на Захад, пасля рэканструкцыі з’явіўся новы надпіс. Аб тым, які надпіс павінен быць на танку, дыскутавалі гісторык і камунальнікі.

Помнік савецкаму танку Т-34 быў усталяваны ў цэнтры Гродна ў 1968 годзе. На ягонай вежы быў толькі адзін надпіс: 200. У сярэдзіне жніўня падчас рэстаўрацыйных работ надпіс замалявалі. Праўда, з’явіўся новы – 75.

Гродзенскія ўлады, рыхтуючыся да свята вызвалення горада ў Другой сусветнай вайне, вырашылі, што надпіс 75 на танку будзе сімвалізаваць 75-годзе вызвалення Гродна і ўтварэнне Гродзенскай вобласці.

Аднак праз некаторы час і гэты надпіс на танку быў замаляваны. Мясцовы гісторык Дзмітрый Люцік, які займаецца перыядам Другой сусветнай вайны, прапанаваў гарадскім уладам нанесці на вежы танка абазначэнні танкавых палкоў кавалерыйскага корпуса генерала Мікалая Аслікоўскага, якія вызвалялі Гродна ў 1944 годзе.

“Надпіс 75 на танку быў нанесены камунальнымі службамі і ў прынцыпе выглядаў даволі недарэчна, — кажа гісторык. — Праўда, мае аргументы для ўладаў прагучалі даволі пераканаўча і надпіс выправілі”.

У выніку на танку з’явіўся новы надпіс: 27 (парадкавы нумар машыны), 4/5 – 104-ы гвардзейскі танкавы полк 5-я гвардзейская кавалерыйская дывізія генерала Чапуркіна). Гэтыя дадзеныя, паводле гісторыка, адпавядаюць гістарычнай рэаліі.

Наогул з танкам у цэнтры гораду звязаны розныя гісторыі. Напачатку 90-х гадоў улады хацелі прыбраць гэты помнік, але ветэранская арганізацыя гораду не дазволіла гэтага зрабіць.

Яшчэ ў савецкія часы гродзенцы распавядалі анекдот пра тое, як мясцовы жыхар паспрачаўся з бывалым таксістам, што папросіць яго завезці па адрасе, якога таксіст ведаць не будзе. Маўляў, калі не завязеш, то паездка будзе дармовай.

Ён назваў адрас Савецкая 200, хаця нумарацыя дамоў на гэтай вуліцы не даходзіла нават і да сотні. Таксіст доўга думаў і здаўся, а пасажыр загадаў яму спыніцца побач з танкам, на якім і быў нумар 200.

І яшчэ. Пры вызваленні Гродна ў 1944 годзе ў савецкіх кавалерыстаў на ўзбраенні былі ангельскія Валентайны, але ўжо ў 1945 годзе – Т-34-85.