Фота: БЕЛТА

Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы. Аб гэтым прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, перадае БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма вельмі важна для забеспячэння бяспекі кожнай дзяржавы, на якім бы кантыненце яна ні знаходзілася. «Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, які не ведае межаў — ні дзяржаўных, ні маральных. Яго ахвяры — звычайныя людзі, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці. Яго метады — жорсткія і бесчалавечныя. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычных атак, развіваюцца з хуткасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхналагічнага прагрэсу», — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка назваў тэрарызм беспрэцэдэнтным выклікам сучаснаму грамадству. «Выклік, з якім не справіцца паасобку нават самым магутным дзяржавам, якім бы сілавым патэнцыялам і перадавымі распрацоўкамі яны ні валодалі», — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў словы старшыні Міжпарламенцкага саюза Габрыэлы Куэвас Барон, якая ў час адкрыцця канферэнцыі сказала аб магчымасці пакласці канец тэрарызму. «Так, мы можам пакласці канец гэтаму самаму тэрарызму. Не сёння, не заўтра, не адразу, але толькі пры адной умове — калі мы гэтага захочам. І яшчэ ў канцы яна сказала вельмі правільную рэч, што, вярнуўшыся дадому, усе вы і мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці канец тэрарызму і будаваць новую планету. Вы, можа, і захочаце будаваць гэту новую планету, але пры адной умове — калі вы пераканаеце нас, перш за ўсё, і нашых калег (уладатрымальнікаў) будаваць гэту новую планету без тэрарызму, сумленна, адкрыта і справядліва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, надышоў час усім краінам свету аб’яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. «Неабходнасць у сумеснай каардынацыі намаганняў, думаю, відавочна для ўсіх, перш за ўсё для прафесіяналаў, якія прысутнічаюць у гэтай зале. Безумоўна, галоўная роля ў гэтай місіі належыць ААН. Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх асноўных універсальных дагавораў, распрацаваных пад эгідай ААН. У 2006 годзе мы выступілі за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі — першага дакумента, які вызначыў агульнасусветны падыход да барацьбы з тэрарызмам», — сказаў прэзідэнт.