Беларускі праваабаронца распавёў “Народнай Волі”, як ён у Францыі пераадолеў больш за 1200 кіламетраў.

Аляксей Колчын браў удзел у легендарнай велагонцы Парыж – Брэст (французскі) – Парыж і днямі вярнуўся дадому.

“Гэта першая велагонка, якая стала праводзіцца рэгулярна, ёй ужо больш за 100 гадоў, – паведаміў ён. – Грандыёзная падзея з тысячамі ўдзельнікаў з усяго свету, ці не найвялікшае веласвята, гэткая алімпіяда для велааматараў. Як яе трапна назвалі днямі ў СМІ – «Эверэст велатурызму».

– Гэтым відам спорту я захапляўся яшчэ з дзяцінства, калі бацькі набылі мне звычайны “Школьнік”, – кажа Аляксей. – Зараз нават і не ведаю, куды ён падзеўся, але любоў да веласіпеда захавалася на ўсё жыццё.

– Гэта захапленне на аматарскім узроўні?

– Скажам так: на прасунутым аматарскім узроўні, бо тыя спартыўныя мерапрыемствы, у якіх бяру ўдзел, прафесійнымі не назавеш. Аднак у той жа час, каб патрапіць на гонку Парыж– Брэст–Парыж, трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку. І найперш трэба было выканаць шэраг умоў: праехаць серыю брэветаў (арганізаваных велазаездаў на доўгія дыстанцыі) на 200, 300, 400 і 600 кіламетраў. Першую 200 кіламетровую дыстанцыю я пераадолеў у 2017 годзе, праз год за плячыма была серыя заездаў на 200–300–400–600–1000 кіламетраў. І такім чынам атрымаў права на папярэднюю рэгістрацыю на гонку ў Францыі.

Натуральна, гэта была мая мара – узяць удзел у такой прэстыжнай велагонцы, якая праходзіць раз на чатыры гады і на якую прыязджаюць тысячы ўдзельнікаў з усяго свету.

– За ўдзел у гонцы давялося плаціць з уласнай кішэні?

– Безумоўна. Напрыклад, унёсак за рэгістрацыю – каля 110 еўра. У дадатак трэба было самому аплачваць усе выдаткі: пералёт, пражыванне і гэтак далей.

Але, шчыра кажучы, я нават і не падлічваў, у якую суму мне абышоўся ўдзел у велагонцы. Мы паехалі адпачываць, і, скажам так, з 18 па 22 жніўня ў мяне быў актыўны адпачынак.

– Наколькі вядома, стартавалі вы з прыгарада Парыжа…

– За дзень да гэтага трэба было прайсці своеасаблівы тэхагляд веласіпеда, а стартавалі з горада Рамбуе, які знаходзіцца ў 60 кіламетрах ад сталіцы Францыі. Шлях – да Брэста (каля 600 кіламетраў) і затым вяртанне назад. Каб атрымаць кваліфікацыю гонкі, трэба было 1200 кіламетраў праехаць не больш як за 90 гадзін.

– За дзень прыкладна якую дыстанцыю пераадольвалі?

– Складана сказаць, бо ехаў практычна няспынна – і днём, і ноччу. У мяне проста не было часу на адпачынак, бо ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі ехаў даволі павольна. За гонку ўдалося паспаць толькі паўтары гадзіны ды пару разоў спыняўся паспаць па 10–15 хвілін на кантрольных пунктах, дзе можна было паесці альбо купіць нешта з сабой у дарогу. Было і адмысловае спартыўнае харчаванне, з гэтым праблем не назіралася…

Поўны тэкст інтэрв’ю Аляксея Колчына чытайце ў газеце «Народная Воля» за 3 верасня