Болтан аб перагаворах з Лукашэнкам: гэта была вельмі важная сустрэча

187
Фото с сайта life.ru

Саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан назваў праведзеную сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі, якая прадаўжалася больш за 2 гадзіны, вельмі важнай. Аб гэтым ён заявіў журналістам сёння пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, перадае  БЕЛТА.

Паводле слоў Джона Болтана, былі абмеркаваны самыя розныя пытанні. Бакі не прыйшлі да канкрэтных рашэнняў, разам з тым падкрэслена важнасць праведзенай дыскусіі. “У нас была вельмі доўгая дыскусія з прэзідэнтам Беларусі (прыкладна 2 гадзіны 15 мінут). Яна ахапіла вельмі шырокія тэмы – палітыку, эканоміку, пытанні бяспекі як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце. Гэта была вельмі важная сустрэча. Вядома, мы не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў на ёй, але было вельмі важна абмеркаваць усе гэтыя пытанні”, – сказаў саветнік прэзідэнта ЗША.

Джон Болтан адзначыў, што ў Беларусі і ЗША ёсць пэўныя складанасці ў адносінах, і адпаведныя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы. Яшчэ адной тэмай для размовы была новая геапалітычная рэальнасць у рэгіёне і магчымасці сумеснай работы ў гэтых адносінах.

Адказваючы на пытанне БЕЛТА аб тым, ці абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення дыпламатычнага прадстаўніцтва паміж Беларуссю і ЗША на ўзроўні паслоў, саветнік амерыканскага прэзідэнта сказаў: “Мы не абмяркоўвалі гэта пытанне. Як вы ведаеце, у нас былі складаныя моманты ў двухбаковых адносінах, і нам трэба бачыць прагрэс у пэўных сферах для таго, каб у нас быў прагрэс у аднаўленні дыпламатычнага прадстаўніцтва. Я прыехаў сюды без намеру даць адказы на такія пытанні. Але я вельмі ўдзячны прэзідэнту за магчымасць сустрэчы і правядзення вельмі цікавай і важнай дыскусіі”.

Поделиться ссылкой: