Падчас адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску / Еўрарадыё

За 2017-2019 гады Беларусь выдаткавала на Еўрапейскія гульні каля 840 мільёнаў рублёў (каля 420 мільёнаў долараў). Такую лічбу першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын назваў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», перадае Еўрарадыё.

«Гэта розныя крыніцы — бюджэтныя сродкі, крэдыты банкаў, спонсарская дапамога. Каля 70%, гэта значыць, каля 600 мільёнаў, — інвестыцыйныя выдаткі. Можна задаць сабе пытанне: гэта грошы, якія пайшлі на гульні, або, калі б не было іх, мы б гэтыя выдаткі ўсё роўна ажыццяўлялі?» — удакладніў першы віцэ-прэм’ер.

Чыноўнік згадаў пра студэнцкі інтэрнат па праспекце Дзяржынскага, недабуд у студгарадку, закупленыя новыя аўтобусы і электробусы для Мінска, перададзеныя ў абласныя аўтапаркі.

Непасрэдна на правядзенне Гульняў, па словах Турчына, было выдаткавана 240 мільёнаў рублёў (120 мільёнаў долараў). «Каля паловы з гэтай сумы — сродкі спонсараў. Яны пайшлі ў тым ліку на пражыванне спартоўцаў, іх харчаванне», — растлумачыў ён. Па яго словах, такім чынам прыбытак атрымалі прадпрыемствы грамадскага харчавання, сферы паслуг.

Чыноўнік паведаміў, што канчатковы фінансавы аналіз Еўрапейскіх гульняў будзе праведзены ў студзені 2020 года.

Дарэчы, напрыканцы 2016 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што на правядзенне Еўрапейскіх Гульняў з бюджэту будзе вылучана толькі 50 мільёнаў долараў. Астатнія выдаткі меркавалася кампенсаваць за кошт міжнародных спонсараў. Аднак у выніку прагноз быў перавышаны ў восем разоў.