Фота: МГЛУ

Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнаўца і літаратурны крытык, памёр 25 жніўня, гаворыцца ў паведамленні Саюза беларускіх пісьменнікаў у Facebook. Яму было 60 гадоў.

Пятро Васючэнка нарадзіўся ў Полацку ў 1959 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. З 1997 — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Сябра Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995), «Сучасная беларуская драматургія» (2000), «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм» (2004), «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён» (разам з Баршчэўскім і Тычынам).

Аўтар кніг прозы прозы «Белы мурашнік» (1993), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Адлюстраванне першатвора» (2004), экалагічнай казкі «Каляровая затока» (2008), зборніка п’ес «Маленькі збраяносец» (1999), кнігі паэзіі «Піраміда Ліннея» (2008) і інш. Творы П. Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны. Удзельнік навуковых канферэнцый і літаратурных фестываляў за мяжой (Беласток, Брно, Варшава, Кракаў, Люблін, Масква, Прэшаў і інш.).