«Я доўга думаў, пра што ж мы з вамі будзем размаўляць, – сказаў Леанід Міхайлавіч і
працягнуў мне паперку, на якой акуратным почыркам былі выведзены штук дваццаць
пытанняў, у асноўным пра палітыку, гісторыю, Саюзную дзяржаву і гэтак далей. – Пажадана, каб размова пайшла ў такім рэчышчы…»

У мяне былі і свае пытанні, якія я рыхтавала да інтэрв’ю, але яны не спатрэбіліся ўвогуле!
Доктар гістарычных навук Леанід Лыч пачаў паказваць сямейныя фотаздымкі, і размова неяк сама сабой пайшла выключна пра каханне, страты і пачуцці… Як праляцелі тры гадзіны, я нават і не заўважыла!

Апошні шлюб

– Вось глядзіце: я – курсант Мінскай афіцэрскай школы Міністэрства ўнутраных спраў СССР.

– Прыгожы! Відаць, дзяўчыны да вас заляцаліся…

– Усяк было… А тут ужо афіцэр.

– Ален Дэлон проста! Не шкадуеце, што так і не зрабілі міліцэйскую кар’еру? Можа,  цяпер генералам былі б!

– Не шкадую, бо не люблю
камандаваць. А вось на здымку мая другая жонка, Еўфрасіння, сібірачка, мы разам пражылі 54 гады.

– Колькі разоў вы былі жанаты?

– Тройчы. Але пра сваю цяперашнюю жонку я не буду гаварыць, сямейная тайна. Яна на 25 гадоў маладзейшая за мяне і крыху хваравіта ўспрымае, калі я пра яе распавядаю. Наш шлюб – гэта тайна. І я ніколі не бяру на сябе ініцыятыву распавядаць пра нашы адносіны, хаця яны і надзвычай цёплыя.

– Ведаю, што вы нават з сябрамі раіліся, ці варта жаніцца пасля 80 гадоў…

– Як прыстойны мужчына, я пайшоў на заключэнне шлюбу. Мне хацелася, каб мая жонка мела ўсе правы на маю спадчыну. І я ёй сказаў: усё, чым я валодаю, – тваё.

Калі людзі ў грамадзянскім шлюбе жывуць – гэта зусім не тое. І каб на працы пальцам не паказвалі, і каб не было лішніх размоў, з кім жыве, і каб дзеці былі спакойныя…
Мы аформілі шлюб. Я лічу, што гэта правільна, прыстойна.

– Матэрыяльныя справы – гэта адно. А каханне? Не з-за кватэры ж яна з вамі разам!

– Каханне – не галоўнае. А вось павага з яе боку да мяне ёсць, прычым у самай вялікай ступені. Жонка – беларускамоўная, і мова ў яе найчысцейшая! Людміле радасна са мной жыць, ёй падабаецца, чым я займаюся. Цяпер яна на возера пайшла разам са сваёй унучкай.

– Яна мае дзяцей ад першага
шлюбу?

– Так, дваіх сыноў. Аднаму гадоў пад сорак, ён пакуль не жанаты, а другі, маладзейшы, мае дваіх дзетак. І яна дапамагае яго сям’і.

Мы разам з Людмілай жывём ужо восем гадоў. Дзеці яе да мяне таксама вельмі прыхільна ставяцца. І ўнукі. Яны, дарэчы, вельмі добра ўхопліваюць беларускія словы, у іх наогул закладзена нейкая трывалая беларуская аснова. Аднойчы жончынаму трохгадоваму ўнуку сказаў: «Дзе ж ты так запэцкаў шкарпэткі?» Дык ён адразу ўхапіўся за гэтае слова і дагэтуль яго ўжывае.

Я цалкам задаволены сваім жыццём. Вельмі шаную аўтарытэт сваёй жонкі. Хаця пры гэтым у нас можа ўзнікаць і штосьці складанае ў адносінах. Аднак, відаць, пра гэта
вам лепш з ёй паразмаўляць…

Поўны тэкст размовы Марыны Коктыш з Леанідам Лычом чытайце у газеце «Народная Воля» за 23 жніўня.