Фота: БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў пытаннях якасці працы праваахоўных органаў пры выяўленні і расследаванні злачынстваў. Адкрываючы нараду, кіраўнік паабяцаў, што размова будзе ў тым ліку і пра «прыкрыя рэчы», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад справу галоўнага інжынера Мінскага заводу колавых цягачоў. Андрэй Галавач быў чатыры разы апраўданы судом, але кожны раз пракуратура ўносіла пратэст на гэтыя рашэнні. Інжынер правёў ў СІЗА ў выніку некалькі гадоў.

«Я не так адназначна ацэньваю яго… Але гэта вельмі яскравы прыклад працы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі», – заўважыў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць пра сур’ёзныя недахопы і пралікі ў працы аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленнях і пракуратуры.

«У людзей часам складваецца ўражанне, што сёння супрацоўнікаў праваахоўных органаў у першую чаргу цікавіць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх працы. Пры гэтым фальсіфікацыя падчас расследаванняў крымінальных справаў такая, што лепш бы вы не заводзілі гэтыя крымінальныя справы», – дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны вельмі эмацыйна выказаўся з гэтай нагоды, і заўважыў, што тыя асобы ў пагонах, якія дапускаюць фальсіфікацыі падчас расследавання злачынства, не проста не павінны насіць пагоны, яны павінны быць выключаныя з грамадства.

«Яшчэ горш, калі гэта суправаджаецца выкарыстаннем актыўных сілавых метадаў, несувымерных сітуацыям, якія ўзнікаюць. Бачыце, вяршыцелі лёсаў! Уварваліся ў дом, пры дзецях, цяжарных жонках, паклалі чалавека тварам на падлогу, як гэта ў вас прынята казаць, заламаў рукі, паламаць некалькі рэбраў. І гэта вяршыцелі лёсаў! Гэта бязмозглыя людзі, якім таксама не месца ў праваахоўнай сістэме!», – сказаў Лукашэнка.

Яшчэ адна недапушчальная практыка – ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу.

«Гэта не забеспячэнне законнасці. І гэта не адносіцца да таго крытэру, пра які я толькі што сказаў – справядлівасці. Сёння мы павінны выявіць усе прычыны, з-за якіх падобнае становіцца магчымым. Вызначыць, што рабіць, каб не дапусціць у будучыні парушэнне правоў грамадзянаў у нашай краіне«, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.