Няшмат гарадоў у Беларусі могуць пахваліцца 1000-гадовым узростам. Нават сталіца наша слаўная юбілей з трыма нулямі адзначыць толькі праз трыццаць восем гадоў. А вось старажытны Брэст грымне ў літаўры ўжо сёлета. Што ж, 1000 гадоў – можна і паганарыцца. Як можна паганарыцца і сваім незвычайным месцазнаходжаннем: Брэст – адзіны ў Беларусі горад, праз які працякае рака Бог (Буг – спольшчаны варыянт).

Звычайна, дажыўшы да паважных юбілеяў, гарады ўспамінаюць і ўшаноўваюць сваіх заснавальнікаў ці гістарычных дзеячаў, чые імёны навечна ўпісаны ў мясцовую гісторыю. Так Полацк уганараваў велічным помнікам князя Усяслава Чарадзея, Віцебск – князя Альгерда, Мінск збіраецца ўсталяваць помнік Глебу Мінскаму, Слонім – Льву Сапегу, Ліда ўжо зрыхтавалася да адкрыцця коннага помніка князю Гедыміну.

А вось улады Брэста вырашылі парушыць традыцыю і дэманстратыўна абвясцілі, што ў юбілейныя дні ў цэнтры горада з’явіцца трохметровы помнік… Пушкіну. Як быццам Аляксандр Сяргеевіч у брэсцкай цытадэлі ссылку адбываў ці па дарозе ў Адэсу ў Белавежскай пушчы зубра ўпаляваў, замачыўшы сваю ўдачу ў брэсцкай карчме кухлем медавухі.

Не адбываў, не ўпаляваў, міма не праязджаў, а “Песню пра зубра” зусім другі паэт напісаў. Дык за што “бронзы мнагапуддзе” чарговым разам дасталося Пушкіну? Ну як жа, запярэчыце вы, Пушкін нам знаёмы са школы, ён велічыня сусветная, помнікі яму і ў Афрыцы стаяць. Сапраўды стаяць. Дык жа і ў Беларусі ён ушанаваны больш чым дастаткова – у адным толькі Мінску два помнікі ў наяўнасці, яго імем названы абласная бібліятэка, праспект і станцыя метро. Помнікі паэту ёсць у Віцебску, Наваполацку і Магілёве, а вуліц Пушкіна ў нашай краіне – каля сотні.

У тым жа Брэсце імя Пушкіна ўжо носяць універсітэт, гарадская і дзіцячая бібліятэкі, адна з цэнтральных вуліц і Рускі культурна-адукацыйны цэнтр. Ды і помнікі-бюсты паэту (цэлых тры) брэстаўчане ужо маюць шчасце бачыць. То навошта чацвёрты? Каму патрэбна гэтая пушкінізацыя Брэста, што праводзіцца з падазронай настойлівасцю?..

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў «Народнай Волі» за 20 жніўня