Фото с сайта МедиаКорСеть

Мужчына пасварыўся з моладдзю і параніў аднаго з хлопцаў нажом, а калі нападніка хацелі затрымаць, ён паспрабаваў напасці на інспектара ДАІ. Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкаму.

У капыльскую міліцыю патэлефанаваў малады чалавек, які паскардзіўся, што ягонага сябра невядомы ўдарыў нажом. Пасля нападнік спрабаваў уцякчы і хлопец, які тэлефанаваў, хацеў высвятліць, куды той пабяжыць.

Да месца здарэння накіравалі міліцыю і ДАІ. Яны выявілі парушальніка і запатрабавалі, каб ён кінуў нож у бок і лег на ​​зямлю, аднак мужчына пачаў рухацца ў бок міліцыянтаў.

Паводле інфармацыі міліцыі, тады інспектар дастаў табельную зброю і папярэдзіў, што калі парушальнік не спыніць супрацьзаконныя дзеянні, то ён вымушаны будзе ўжыць табельную зброю. Папярэджанні ад супрацоўніка міліцыі прагучалі неаднаразова, і толькі пасля трэцяга разу парушальнік кінуў нож і здаўся працаўнікам міліцыі.

Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца, высветліла, што на прыпынку грамадскага транспарту паблізу крамы «Пралеска» знаходзілася кампанія маладых людзей. Беспрацоўны нецвярозы жыхар Капыля пачаў прыставаць да кампаніі, умешвацца ў размову, а моладзь папрасіла не турбаваць. Мужчына раззлаваўся на іх, пайшоў дадому і ўзяў нож. Вярнуўшыся на прыпынак, ён ударыў нажом хлопца, які бліжэй за ўсё да яго стаяў.

Хлопец атрымаў пранікальнае нажавое раненне верхняй траціны левага перадплечча, ён шпіталізаваны.

Супраць мужчыны распачатая крымінальная справа па арт. 339 ч.3 (асабліва злоснае хуліганства) КК РБ.