Рабочым з Расеі на будоўлі Астравецкай АЭС не выплацілі заробак Photo: svaboda.org (RFE/RL)

Дзясяткі расійскіх рабочых зь БелАЭС сьцьвярджаюць, што ім не заплацілі, пiша з места падзей Радыё Свабода.

Каля 50 рабочых з Расіі 15 жніўня выйшлі на галоўную плошчу Астраўца. Яны патрабуюць разьліку за два месяцы працы.

15 жніўня адразу ў некалькіх дзясяткаў найманых рабочых-мантажнікаў, якія працавалі на будоўлі Беларускай АЭС, скончыліся дамовы. Яны сьцьвярджаюць, што наймаліся на працу праз расейскую кампанію «Стройинвестпроект», разьмешчаную ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым на плястыкавых пропусках ва ўсіх пазначаная іншая кампанія — АТ «Сезам».

Па словах рабочых, наймальнік спраўна аплачваў арэнднае жыльлё, выдаваў сутачныя. А калі прыйшоў час выплачваць заробак, грошай не аказалася.​

«Нам есьці няма чаго, калі нам заплацяць?»

«Нам да Лукашэнкі ісьці?»

— Нас тут такіх каля 90 чалавек, — расказвае Свабодзе ў цэнтры Астраўца адзін з расейцаў, Аляксандар Лычаў. — Вось сюды да помніка Леніну зараз прыйшло 50 чалавек, гэта самыя адчайныя. Вы зразумейце, у нас грошай зусім няма, я нават за тэлефон не магу заплаціць. З вамі зьвязваўся праз інтэрнэт з дому, гаспадар нам вай-фай уключыў. Мы да вас зьвярнуліся, таму што гэта крайняя мера ўжо. Мы ня ведаем, што рабіць далей.

Да помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Астраўца прыйшло каля паўсотні рабочых. Свае гісторыі расказваюць, перабіваючы адзін аднаго, але ва ўсіх яны збольшага аднолькавыя. Наняліся на працу ў расейскую кампанію «Стройинвестпроект», прыехалі ў Астравец на вахту, адпрацавалі два месяцы, абяцаных грошай не атрымалі.

— Нам есьці няма чаго, калі нам заплацяць? — працягвае Аляксандар. — Зараз нам кажуць — вяртайцеся ў Расею дадому, тады, магчыма, мы з вамі разьлічымся. Але мы разумеем, што калі паедзем дадому, то грошай дакладна не пабачым. Мы сюды ехалі, бо тут Беларусь, тут жа «Бацька», сур’ёзнае дзяржаўнае будаўніцтва. Ніхто ня мог падумаць, што нас так кінуць тут.

Сумы, якія ім належацца, рабочыя называюць розныя. У выпадку Аляксандра Лычава гэта прыкладна 62 тысячы расейскіх рублёў (каля тысячы даляраў). Ёсьць як больш, да 85 тысяч, так і менш. Акрамя жаданьня атрымаць заробленыя грошы, усіх расейцаў, што прыйшлі ў цэнтар Астраўца, аб’ядноўваюць яшчэ як мінімум дзьве праблемы — у большасьці зь іх найманае жыльлё ў Астраўцы аплачанае да бліжэйшага панядзелка, дадому дабірацца сотні або тысячы кілямэтраў, а грошай няма нават даехаць у Смаргонь, куды іх паслалі ў Астравецкай пракуратуры.

— Мы зусім ня ведаем, што нам рабіць цяпер, — расказвае яшчэ адзін расеец. — Хадзілі ў вашу пракуратуру, нам там далі паперку з адрасам у Смаргоні. Маўляў, зьвяртайцеся туды, гэта мясцовая інспэкцыя па працы. Кажуць, калі дамоваў аб працы няма, то нічым дапамагчы ня могуць. Прараб наш кажа, каб разьбіраліся зь пецярбурскай кампаніяй, там раяць вяртацца ў Расею, у менскім прадстаўніцтве АТ «Сезам» таксама нічога ня кажуць. А нам што рабіць? Мы сюды зарабіць ехалі, ва ўсіх сем’і свае, крэдыты. Дзяцей у школу трэба зьбіраць, першага верасьня хутка.

«Нам да Лукашэнкі ісьці?»

У якасьці доказаў сваёй датычнасьці да будоўлі Астравецкай АЭС расейцы паказваюць плястыкавыя пропускі, якія перасталі працаваць з 15 жніўня. На ўсіх картках — лягатып АТ «Сезам». Тое, што яны не заключалі афіцыйных дамоваў з кампаніяй-наймальнікам, тлумачаць проста — так абяцалі больш заплаціць, чым у выпадку з афіцыйным афармленьнем.

— Нам да Лукашэнкі ісьці ці што рабіць? — кажа Аляксандар Лычаў. — Парайце, куды зьвяртацца. Вось мы сюды выйшлі, можам яшчэ ў пракуратуру схадзіць. Нам няма чаго ўжо губляць. Калі мы зараз паедзем у Расею дадому, то там з намі ніхто дакладна не расплаціцца. У нас адзіны шанец атрымаць грошы — застацца ў Беларусі, пакуль не заплацяць.

«Усіх набіралі па абвестцы»

Яшчэ частка рабочых у такой жа сытуацыі вырашыла вярнуцца ў Расею. Гэтак жа хоча зрабіць і Яўген, які не далучыўся да рабочых на сустрэчы з журналістамі. Праз тэлефон ён распавёў, што ў падобнай сытуацыі апынуліся каля 90 чалавек.

— Нас усіх набіралі па абвестцы. Усіх, хто тут працуе. Кампанія «Сезам» заключыла дамову аўтстафінгу з кампаніяй «Стройинвестпроект», а «Сезам», у сваю чаргу, заключыў дамову з АСЭ («Атомстройэкспорт» — генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС). Па дамове ў іх на выплату 45 дзён. Сёньня апошні дзень, калі яны мусяць выплаціць. А хлопцам раней «Стройинвестпроект» абяцаў выплаты на працягу месяца. Вось яны і чакалі, што выплаты будуць раней. І я такі ж наіўны быў.

Паводле ягоных словаў, за травень заробак людзі атрымалі. Цяпер тым, хто хоча выехаць у Расею, кампанія «Стройинвестпроект» купляе квіткі, каб людзі даехалі дахаты. І абяцаюць ужо там выплаціць ім заробак.

— Мы разарвалі кантракт зь «Сезамам». Цяпер «Сезам» можа запатрабаваць выселіць людзей з гэтай прычыны. Але квіткі ніхто не адмаўляецца ім купляць. Некаторыя адмаўляюцца, бо думаюць, што калі яны застануцца, то хутчэй атрымаюць грошы. Я ў гэта ня веру, — тлумачыць Яўген сваю пазыцыю.

«Затрымак няма, усё дакладна»

«Нам да Лукашэнкі ісьці?»

Расейцы ў адзін голас кажуць, што да беларускіх уладаў прэтэнзій ня маюць, толькі да расейскай кампаніі-наймальніка. Яны спадзяюцца, што дырэкцыя будаўніцтва АЭС неяк дапаможа вырашыць праблему з атрыманьнем абяцаных заробкаў. У адваротным выпадку пагражаюць «расказаць усю праўду» пра тое, зь якімі парушэньнямі адбываецца будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Кампанія «Сезам» стала вядомая беларусам у 2016 годзе, калі выявілася, што яе рабочыя бразнулі аб зямлю корпус атамнага рэактара БелАЭС. У 2018 годзе на будоўлі БелАЭС адзін з рабочых кампаніі загінуў.

«Нам да Лукашэнкі ісьці?»

У беларускім прадстаўніцтве «Сезам», калі журналісты папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю, іх скіравалі да кіраўніцтва расейскай кампаніі «Энергоспецмонтаж». Яна выконвае мантаж і рэканструкцыю атамных энэргетычных установак, у тым ліку на аб’ектах «Росатома», да якіх адносіцца і БелАЭС.

— Усім супрацоўнікам «Сезам» заробак плаціцца ў час — аванс і пад разьлік. Затрымак няма, усё дакладна. Па астатніх рабочых я нічога пракамэнтаваць не змагу, — сказаў Радыё Свабода намесьнік генэральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах публічнага акцыянэрнага таварыства «Энергоспецмонтаж» Уладзімір Лабенка.

Такую самую пазыцыю заняў і Яўген — прадстаўнік кампаніі «Стройинвестпроект», якая наймала на будаўніцтва АЭС рабочых для кампаніі «Сезам». Ён параіў напісаць афіцыйны запыт кіраўніцтву.

У Інфармацыйным цэнтры АЭС паведамілі, што без адмысловага пісьмовага запыту камэнтаваць сытуацыю ня будуць.