Мастацкі фільм «Рух угору», зьняты расійскім рэжысёрам Антонам Мягердзічавым на сцэнар беларускага драматурга Андрэя Купрэйчыка, атрымаў найвышэйшы рэйтынг для замежных стужак за ўсю гісторыю пракату Кітая — 9,4.

Пра гэта піша сайт Міністэрства культуры Расіі, перадае Радыё Свабода.

Стужка расказвае пра матч паміж зборнымі СССР і ЗША ў фінале баскетбольнага турніру 1972 году на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене.

​Вадзім Верашчагін, генеральны дырэктар кампаніі «Централ Партнершип», задзейнічанай у здымках карціны, адзначыў, што гэтае кіно стала самым пасьпяховым пракатным прадуктам на такім спецыфічным рынку.

«Кітай — няпростая тэрыторыя для замежных фільмаў, многія з якіх маюць шанец толькі на адзін выходны дзень. „Движение вверх“ стала выключэньнем: выдатная запоўненасць заляў, высокія рэйтынгі і станоўчыя водгукі гледачоў. Гэта беспрэцэдэнтная падзея, і мы задаволеныя, што кінафільм дасягнуў такой вышыні», — падкрэсліў мэнэджар.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кінастужку паглядзелі больш за 2,5 мільёна чалавек, з пракату сабрана 13 мільёнаў даляраў.