Міхась Скобла

Што і казаць, не шанцуе былым прэзідэнтам Кыргызстана – два з іх вымушаны былі прасіць палітычнага прытулку за мяжой, трэці нядаўна апынуўся за кратамі, узняўшы белы сцяг над уласным домам, абложаным з усіх бакоў, як Брэсцкая крэпасць. Як выглядае, палітуцекачы Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў паступілі больш разважліва за Алмазбека Атамбаева; першы, як толькі згубіў уладу, асеў у Маскве, заручыўшыся падтрымкай Пуціна, другі паспеў прызямліцца ў Мінску.

Дзевяць гадоў таму ў Кыргызстане за збеглага Курманбека Бакіева ніхто і гарэлага шэлега не даў бы. Не кінецца даваць і сёння. А вось высілкамі афіцыйных СМІ Беларусі Бакіеў стаў у нас ледзь не адзіным увасабленнем беларуска-кіргізскай дружбы. Праўда, гэтым увасабленнем сур’ёзна цікавіцца кіргізская Феміда, у сувязі з чым з Бішкека ў Мінск неаднойчы дасылаліся адпаведныя запыты. Выходзіць, дзеля малаўцямнай дружбы з адным кіргізам Беларусь ставіць пад сумнеў дружбу і супрацоўніцтва з цэлым Кыргызстанам. Дзіўны, трэба сказаць, палітычны гешэфт.

Апафеозам той гешэфтнай дружбы стаў нядаўні 70-гадовы юбілей Курманбека Бакіева, якога Аляксандр Лукашэнка падкрэслена называе сваім асабістым сябрам. Што ж, называй хоць гаршком, але ў печ не стаў. Тым больш што «гаршчок» прыватны, а «печ» дзяржаўная. Але без печы не абышлося.

Адбылося тое векапомнае дзейства нядаўна ў Палацы Незалежнасці з уручэннем юбіляру дарагіх падарункаў, пад тэлекамерамі БТ, з удзелам мілавідных супрацоўніц з пратакольна-паслужлівымі позіркамі. Падчас паднясення дароў (сярод якіх была карціна «Паляванне качэўнікаў з беркутам») прагучаў дыялог, які хочацца прывесці ў арыгінале, у запісе прэс-службы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

Бакіеў: «О, это моя страна – кони, беркуты».
Лукашэнка: «Твоя страна и твоя стихия. Птица эта гордая, на тебя похожа».
Бакіеў: «Огромное спасибо!»
Лукашэнка: «Подожди, спасибо не отделаешься. Вот мы все и придем к тебе на день рождения».
Бакіеў: «С удовольствием!»
Лукашэнка: «Плов! Ты можешь приготовить нам киргизский плов?»
Бакіеў: «Настоящий, сам буду делать, от и до».
Лукашэнка: «Вино мы принесем свое…»

П’еса атрымалася – хоць на тэатральнай сцэне стаў. Не сумняваюся, што Бакіеў стрымаў слова і згатаваў цалюткі казан смачнага плову. А лукашэнкаўскі віначэрпій нацадзіў для свайго патрона ёмістую бутлю. Застолле, трэба думаць, удалося на славу, з розгаласам на ўсе Дразды, непадалёк ад якіх ва ўласным асабняку жыве кіргізскі экс-прэзідэнт. Відаць, былі апарожненыя да дна і саган, і бутля. Што ж, на здароўе.

І усё ж, чаму пасля юбілейнага рэпартажу на БТ застаўся ў маёй душы прыкры асадак?

Мабыць, таму, што я не разумею, за якія заслугі перад беларускім народам асуджаны на радзіме да 30 гадоў турмы Курманбек Бакіеў атрымаў не толькі беларускі пашпарт, але і ладную дзялянку беларускай зямлі ў прэстыжным месцы.

Мне таксама незразумела, чаму асабістая дружба кіраўніка Беларусі павінна аплачвацца з народнай (у тым ліку і маёй) кішэні.

Мне ніхто не патлумачыў, якая «рабочая сустрэча» магла адбыцца пасля віншавальнай часткі паміж Аляксандрам Рыгоравічам і Курманбекам Саліевічам? Што, Бакіеў прыхопленыя ў Кыргызстане мільёны ўклаў у нашу эканоміку? А можа, прывёў на беларускі рынак багатых інвестараў? Ці – адкрыў у Мінску на сумленна заробленыя грошы сетку закусачных «Хуткі плоў»?

Прыкрага асадку дадае і той факт, што юбілеі выдатных беларусаў праходзяць у нашай краіне незаўважана, без «плову і віна». Скажам, сёлета адзначыў свой юбілей народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, які падарыў дзяржаве цэлую галерэю сваіх карцін. І што – прыйшоў да яго з пляшкай віна кіраўнік краіны? Не. Гэтаксама не заўважаў ён юбілейныя даты народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, народнай артысткі Зінаіды Бандарэнка, вядомага ў свеце навукоўца Барыса Кіта

Перад прыхаднямі з сумнеўнай рэпутацыяй дыванкі рассцілаюцца, а сваім дзеячам – нуль увагі і мізэрныя пенсіі.

А тым часам збеглых прэзідэнтаў па свеце – хоць гаць гаці. Можна запрасіць у Беларусь Віктара Януковіча, хай на свае дні нараджэння гатуе ў Драздах галушкі. Можна даць прытулак Міхаілу Саакашвілі, каб пры нагодзе паласавацца хачапуры. Можна перавабіць да сябе з Масквы таго ж Акаева – хай на змену з Бакіевым кухараць.

Той з’еты пад беларускае віно бакіеўскі плоў ужо адрыгнуўся Беларусі – часовы павераны нашай краіны ў Кыргызстане быў выкліканы ў кiргiзскае МЗС, дзе яму ўручылі ноту пратэсту, у якой канстатавалася недапушчальнасць афіцыйных кантактаў з асуджанай у Бішкеку асобай. Гэта ў музыцы ноты можна браць бясконца, і акаляючыя хіба толькі паморшчацца, а дыпламатычныя ноты гучаць з куды больш сур’ёзнымі наступствамі. І гандлёвыя войны пасля іх пачынаюцца, і міждзяржаўныя стасункі спыняюцца.

Мінскі трактарны завод доўга дамагаўся стварэння ў Кыргызстане прадпрыемства па зборцы сваёй прадукцыі. Завод нарэшце запрацаваў, і прыстасаваныя пад азіяцкія ландшафты і клімат «Беларусы» працуюць па ўсім рэгіёне. А спыняць канвеер кіргізы, і чым нам тады дапаможа палітычны ўцякач, «на гордага беркута падобны»?

Той бакіеўскі плоў яшчэ не раз можа нам адрыгнуцца…