Фота hcdinamo.by

Мінскае «Дынама» абвясціла, што развітваецца з пяцю хакеістамі. У іх ліку — чатыры гульцы нацыянальнай зборнай.

Рашэнне было прынятае па выніках Кубка губернатара Ніжагародскай вобласці, паведамляе прэс-служба хакейнага клуба. На спаборніцтвах «зубры» прайгралі ташкенцкаму «Хума» з лікам 1:5.

Клуб вырашыў скасаваць кантракты з Сяргеем і Аляксандрам Маляўкамі, Арцёмам Волкавым, Максімам Парфеяўцом. Акрамя таго, прагляд у камандзе не прайшоў форвард моладзевай зборнай Віктар Масілевіч.

Гендырэктар мінскага «Дынама» Дзмітрый Баскаў падкрэсліў, што гэта ўзаемныя рашэнні. «У будучым сезоне хакеісты, з якімі мы расстаемся, наўрад ці атрымалі б шмат гульнявой практыкі ў «Дынама». Між тым, і браты Маляўкі, і Арцём Волкаў, і Макс Парфеявец, і Віктар Масілевіч уваходзяць у сферу інтарэсаў нацыянальнай зборнай, і наша агульная задача — у аптымальнай форме падвесці іх да чэмпіянату свету», — растлумачыў ён.

Баскаў дадаў, што «Дынама» будзе фармаваць свой склад з акцэнтам на моладзь.