На працягу ліпеня на канале «Страна для жизни» былі паказаны два відэаролікі «Спасите фабрику! Банкротство «Сакавицы» и «Кто сосет кровь «Сакавицы». Паколькі яны набылі шырокі розгалас, я вырашыў сустрэцца з былым і сённяшнім кіраўнікамі Беларускага фонду культуры У.А.Гілепам і Т.І.Стружэцкім і пацікавіцца іх довадамі наконт таго, хто на самай справе з’яўляецца ініцыятарам скандалу і ў якім рэчышчы могуць развівацца далейшыя падзеі, звязаныя з Маладзечанскай фабрыкай мастацкіх вырабаў і дзейнасцю яе кіраўніцтва. Хто і з якой мэтай вырашыў абліць брудам такое знакамітае грамадскае аб’яднанне, як Беларускі фонд культуры?

– Якія адносіны мае Беларускі фонд культуры як старэйшая некамерцыйная грамадская арганізацыя да Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў? – такое першае пытанне я задаў субяседнікам.

– Пасля стварэння ў 1987 годзе Беларускага рэспубліканскага аддзялення Савецкага фонду культуры ўрадам краіны было прынята рашэнне аб перадачы яму Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў з мэтай падтрымкі дзейнасці фонду. У 1990-я гады яе з цяжкасцю ўдалося захаваць, бо ў той час большасць такіх прадпрыемстваў былі закрыты.

Ва ўсе перыяды свайго існавання яна, як і іншыя падобныя, ніколі не была багатай (прыбытковай). Фонд культуры як уласнік фабрыкі нерэгулярна атрымліваў невялікія фінансавыя адлічэнні, якія выкарыстоўваліся выключна на статутную дзейнасць.

Безумоўна, фонд культуры не мог займацца бізнесам фабрыкі і не меў сродкаў для яе падтрымкі, але і не заставаўся ўбаку ад яе праблем. У снежні 2017 года быў прызначаны па яго жаданні новы дырэктар Сяргей Сабалеўскі – з вопытам працы за мяжой, як здавалася, з нейкімі новымі ідэямі. Адна з іх – выраб свечак для касцёлаў, а з нашай падказкі – і іншай рытуальнай атрыбутыкі з улікам спецыфікі фабрыкі – пачала рэалізоўвацца ім яшчэ да прызначэння на гэту пасаду. Дарэчы, за месяц да яго прызначэння па ініцыятыве фонду была праведзена аўдытарская праверка, па выніках якой быў адзначаны шэраг недахопаў у рабоце фабрыкі: выяўлены парушэнні ў бухгалтарскім уліку і рэалізацыі прадукцыі, разліку яе рэнтабельнасці і іншае. Безумоўна, што з матэрыяламі гэтай праверкі быў азнаёмлены новы дырэктар, і гэта павінна было паспрыяць недапушчэнню падобных памылак у будучым. А яшчэ, як і было запісана ў загадзе аб прызначэнні, ён павінен быў падпісаць акт прыёмкі-здачы матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, маёмасці фабрыкі з былым дырэктарам, што не было зроблена. Пазней менавіта па гэтай прычыне сталі выяўляцца некаторыя праблемы…

Поўны тэкст размовы з кіраўнікамі Беларускага фонду культуры чытайце ў газеце «Народная Воля» за 13 жніўня