Фота: onlinebrest.by

У ноч на 30 ліпеня на станцыі «Брэст-Усходні» з рэек сышоў вагон таварнага цягніка. Інфармацыю пра гэта Еўрарадыё пацвердзіў намеснік начальніка станцыі Ігар Гукіш.

«Ахвяр няма, людзям нічога не пагражала. Праводзіцца службовае расследаванне», — сказаў Гукіш. Ён не ўдакладніў, які тавар перавозіў састаў. На вагоне, які сышоў з рэек, ёсць вялікі надпіс «Беларуськалій».

Вагон з лога "Беларуськалія" сышоў з рэек на станцыі "Брэст-Усходні"

Вагон з лога "Беларуськалія" сышоў з рэек на станцыі "Брэст-Усходні"
Фота: onlinebrest.by

Выпадак на «Брэсце-Усходнім» — гэта ўжо трэцяе надзвычайнае здарэнне з таварнымі вагонамі на беларускай чыгунцы за апошні месяц, пра які стала вядома. 15 ліпеня непадалёк ад станцыі Крупкі сышлі з рэек 7 вагонаў грузавога цягніка. А 24 ліпеня на перагоне паміж Оршай і Віцебскам пад адхон адправіліся 16 цыстэрн са звадкаваным газам. Адна з іх аказалася прабітая, уцечку ліквідавалі супрацоўнікі МНС Беларусі.