Дмитрий Середа. Фото: Евгений Ерчак, TUT.BY

У жніўні 2016 года ў Мінску здарыўся скандал, пра які напісалі літаральна ўсе СМІ.

Раніцай 4 жніўня ў кватэру ўрача-педыятра Дзмітрыя Серады ўварваліся невядомыя ў масках. У дзверы ніхто не званіў, яе проста 15 хвілін выламвалі. Яшчэ некалькі чалавек, як пазней іх назаве Дзмітрый – «альпіністаў», спусціліся з даху на балкон і разбілі шкло балконных дзверэй у кухні. Нападнікі са зброяй у руках беглі з кухні ў пакой з крыкам: «На пол!». На вачах у спалоханых і перапужаных жонкі і трохгадовай дачкі ляжачаму Дзмітрыю заламалі рукі і скавалі кайданкамі. Пазней высветліцца, што гэта былі супрацоўнікі АМАПу.

Аказалася, што Дзмітрыя падазраюць у хуліганстве. За 4 дні да гэтага жыхаркі Заводскога раёна паведамілі ў міліцыю, што сустрэлі ў парку эксгібіцыяніста.
Пазней адна з пацярпелых па фота ў вайберы, якое ёй перашле оперупаўнаважаны Заводскога РАУС Аляксандр Нушчык (так, аказваецца, у нас раскрываюцца злачынствы. – рэд.), апазнае ў ім Дзмітрыя Сераду. Гэтага аказалася дастаткова, каб прыняць доктара за эксгібіцыяніста і раніцай са зброяй і ў масках уварвацца ў яго
кватэру.

Аднак ў дзень затрымання стала відавочным, што падстаў затрымліваць не было – у той дзень, калі па парку Заводскога раёна бегаў эксгібіцыяніст, Серада з сябрамі быў на рыбалцы за 80 кіламетраў ад Мінска – гэта маглі пацвердзіць і сведкі, і дадзеныя мабільнага тэлефона. І самае галоўнае – пацярпелыя і сведка пры вочнай стаўцы не апазналі ў Дзмітрыі злачынца. Але перш чым мужчыну адпусцілі, яго два дні трымалі без ежы. Спачатку дзень у Следчым камітэце, потым на ноч перавялі ў СІЗА на Акрэсціна і яшчэ адзін дзень Дзмітрыю давялося правесці ў РАУС Заводскага раёна. Важны момант: перад ні ў чым невінаватым грамадзянінам ніхто з міліцыянераў не выбачыўся, хаця ў афіцыйнай паперцы было пазначана, што «прычын для затрымання не было».

З таго часу Дзмітрый Серада спрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці
выканаўцаў брутальнага захопу і дамагчыся матэрыяльнай і маральнай кампенсацыі. На працягу трох гадоў ён атрымаў сем (!) адмоў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, апошняя была вынесена летась 20 ліпеня.

Поўны тэкст інтэрв’ю з Дзмітрыем Серадой чытайце ў газеце «Народная Воля» за 26 ліпеня