Фото: БЕЛТА

З пачатку сезону адпачынкаў каля паўсотні беларусаў не змаглі выехаць за мяжу з-за пашкоджаных ці нядзейных пашпартоў. Толькі за два апошнія дні такіх было 8 чалавек. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, асноўныя парушэнні — пратэрмінаваныя дакументы, размаляваныя ці парваныя старонкі, размытыя пячаткі і фотаздымкі, перадае Еўрарадыё.

Жыхарка Салігорска не змагла выехаць ва Украіну, бо на мяжы высветлілася, што яе пашпарт несапраўдны ўжо 12 гадоў. Не змаглі патрапіць на тэрыторыю нашай паўднёвай суседкі яшчэ адна жанчына і два мужчыны. Два пашпарты былі пратэрмінаваныя, а ў адным не хапала старонак, некалькі з іх уладальнік спрабаваў уклеіць самастойна. Малады чалавек не змог выехаць ва Украіну, паколькі яго пашпарт знаходзіцца ў спісе згубленых ці скрадзеных.

Памежнікі адзначаюць, што праз сваю няўважлівасць у грамадзян не толькі ўзніклі праблемы з выездам за мяжу, але іх яшчэ і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Паўсотні беларусаў не змаглі выехаць на адпачынак за мяжу
Фота: gpk.gov.by