Леанід Заіка. Фота з адкрытых крыніц

Эканаміст Леанід Заіка ацаніў ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, што Міністэрства аховы здароўя прапанавала беларусам дасылаць фота чэкаў на лекі, набытых за мяжой, калі іх кошт адрозніваецца ад кошту аналагічных прэпаратаў у Беларусі. Такім чынам спецыялісты Міністэрства аховы здароўя праводзяць аналіз кошту лекаў у межах «працы для магчымага зніжэння кошту некаторых лекавых сродкаў».

Леанід Заіка: Мяне вельмі здзівіла ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя, бо такімі пытаннямі звычайна займаюцца маркетынгавыя фірмы. А гэтая прапанова больш нагадвае будаўніцтва чыгунных дамен у кожнай кітайскай вёсцы. Нават не ведаю, каму прыйшла ў галаву такая светлая ідэя, але ёй я проста ўражаны. Напрыклад, дашлю я ў міністэрства чэк на лекі, якія купіў у Польшчы альбо ў Расіі ў два разы танней, чым у Беларусі. І што пасля гэтага? Што вы зможаце зрабіць? Гэтая лекі адразу стануць танныя? Увогуле, над людзьмі ў гэтым плане ідзе самы сапраўдны здзек. Цэны ў разы завышаныя, многія лекі прадаюцца толькі па рэцэптах, хаця ў суседніх краінах іх можна набыць свабодна і танней. Пра гэта ў Міністэрстве аховы здароўя не ведаюць? Там працуюць сляпыя і глухія?

РР: А чаму ў Беларусі насамрэч такія высокія цэны на лекі?

Ленаід Заіка: Відаць, некаторым вельмі выгадна, каб захоўвалася такая сітуацыя. Вось, напрыклад, на розныя даступныя лекі ўводзяць рэцэпты, якія выпісваюць урачы. А апошнім дае рэкамендацыі міністэрства, чым лячыць людзей. Гэта тыпічны спрут, якія дасягнуў нацыянальнага ўзроўню. Паліклінікі і так забітыя пад завязку, дык навошта ўвялі дадатковыя рэцэпты на лекі? Адным словам, Міністэрства аховы здароўя не шукае лёгкіх шляхоў.