Фото с сайта 21.by

На гродзенскім прадпрыемстве “Радыёхваля” не стае вязальшчыкаў жгутоў. Некаторыя каледжы адкрываюць дзеля гэтага новыя спецыяльнасці.

Чарговы сумесны праект з кампаніяй “ФВ Групп” прадугледжвае стварэнне канвеера па выпуску камплектаў электраправодкі для аўтамабіляў “Фольксваген Поло”. Праект разлічаны на адзін год і для яго рэалізацыі патрабуецца 350 чалавек.

Падрыхтоўка да выпуску начынкі для “Фольксваген Поло” пачалася з канца мінулага года. Электражгуты накіроўваюцца для прадпрыемства канцэрна ў расійскі горад Калуга.

Для рэалізацыі праекту патрэбны 350 рабочых, але пакуль на працу прынялі толькі 200. Першая партыя прадукцыі ўжо накіравана на прадпрыемства ў Расію. Зараз працягваецца набор яшчэ 150 работнікаў.

Цікава, што ў камплектаванні працоўных месцаў сёлета “Радыёхвалі” дапамагаюць навучальныя ўстановы не толькі з Гродна, а і вобласці. Так, Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці размеркаваў сюды 20 выпускнікоў. Яшчэ 25 выпускнікоў уладкаваліся на прадпрыемства пасля сканчэння Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. У летні перыяд працаваць на “Радыёхвалю” падключаюцца і студэнцкія атрады створаныя БРСМ.