Комплекс будынкаў былога гродзенскага бровара над Нёманам

Калі прэзідэнт прыме такое рашэнне, то комплекс будынкаў былога бровара на беразе Нёмана, у якіх яшчэ ў ХІХ стагоддзі мясціўся палац Сапегаў-Агінскіх, першапачаткова павінны ацаніць мінімум у 2 мільёна рублёў.

Усяго на тэрыторыі былога гродзенскага бровара знаходзіцца 14 памяшканняў, тры з якіх маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На кожны з будынкаў адноўлена тэхнічная дакументацыя, а таксама ўвесь комплекс прайшоў ацэнку “Белрэстаўрацыі”. Вядома, што ацэначная каштоўнасць комплексу склала каля 2 мільёнаў рублёў.

Зараз увесь пакет сабраных дакументаў павінны ўзгадніць у Дзяржмаёмасці, міністэрствах фінансаў і эканомікі. Пасля гэтага дакументы маюць накіравацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе Лукашэнка асабіста павінен прыняць рашэнне аб продажы аб’екта. Такой працэдуры чыноўнікі прытрымліваюцца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта №677 ад 16 лістапада 2016 года.

Што датычыць даты правядзення аўкцыёну па продажы комплесу будынкаў былога гродзенскага бровара, то яна пакуль не называецца.

Варта нагадаць, што комплекс ужо аднойчы ў 2012 годзе быў прададзены з аўкцыёну прыватнай кампаніі “Экапрамэнерга” за 400 тысяч долараў. Новы ўласнік абяцаў, што за 4 гады на месцы там пабудуе гатэль, музей піва, міні-піваварню і наладзіць пракат лодак на беразе Нёмана. Аднак не была распрацавана нават праектная дакументацыя, будынкі засталіся закансерваванымі. Уласнік тройчы штрафаваўся за невыкананне ўмоў аўкцыёну. Агульная сума штрафаў склала – 2,5 тысячы долараў.

У 2014 годзе комплекс будынкаў былога бровара быў незаконна перададзены фірме з Оршы «ЖаВаС-Інвест», прычым, без умоў рэканструкцыі аб’екту.

Па рашэнню Гродзенскага эканамічнага суда комплекс будынкаў быў канфіскаваны на карысць Гродзенскага гарвыканкаму.

У 2017 годзе напярэдадні чарговага аўкцыёну па продажы комплексу на тэрыторыі былога бровару адбыўся пажар, пацярпеў дах на некалькіх будынках. Праўда, пазней быў адноўлены за кошт гарадскога бюджэту.