Уладзімір Ліпскі. Фота: https://nlb.by

Чулі? У сваёй новай кнізе «Цар» знакаміты пісьменнік Уладзімір Ліпскі зрабіў сенсацыйнае адкрыццё: паводле яго творчых даследаванняў, Дзімітрый Вугліцкі, ці Лжэдзімітрый І, з’яўляўся законным сынам Івана Грознага. А выхоўваўся ён прадстаўнікамі самых уплывовых і вядомых родаў Вялікага Княства Літоўскага – Радзівілаў і Сапегаў.

Чаму Уладзімір Сцяпанавіч прыйшоў да такой высновы – у яго інтэрв’ю «Народнай Волі».

– Мяне даўно хвалявала пытанне: як здарылася, што малодшы сын Івана Грознага
ад восьмай ягонай жонкі Марыі Нагой Дзімітрый загінуў так выпадкова, так недарэчна… Дзевяць гадоў усяго было хлопчыку. Паводле афіцыйнай версіі, малы гуляў з сябрамі і напароўся на ножык. А здарылася гэта ў Вуглічы, у маёнтку маці, пад Масквой.

Паводле другой версіі, Дзімітрый быў забіты. А падаслаў забойцаў Барыс Гадуноў. Давайце паразважаем: кім быў гэты баярын? Пачынаў кар’еру з ахоўніка Івана Грознага, пасля стаў яго прыбліжаным. Па сутнасці, менавіта яму была карыснай смерць апошняга нашчадка цара, бо пасля Івана Грознага трон адышоў да старэйшага
сына Фёдара, блажэннага. Кіраваў жа пры ім Барыс Гадуноў і адмаўляцца ад улады
не хацеў. Нават сваю родную сястру Ірыну аддаў замуж за Фёдара, сам жа ажаніўся з
дачкой галоўнага апрычніка Малюты.

Хлопчык Дзімітрый быў апошнім нашчадкам Івана Грознага. І адыход улады да малога і яго маці не ўваходзіў у планы Гадунова.

Я ж прытрымліваюся версіі, што замест сапраўднага малодшага сына Івана Грознага быў забіты нейкі іншы, дваравы, хлопчык. Вельмі ж хутка царэвіч быў пахаваны, а сведак ліквідавалі або з выразанымі языкамі адпраўлялі ў Сібір. Нашчадка ж вывезлі ў ВКЛ. І да яго выратавання меў дачыненне сам Леў Сапега, вялікі канцлер вялікай дзяржавы. Дзімітрыя выхавалі, вывучылі, а пасля зноўку вярнулі і пасадзілі на трон.

Дарэчы, многія класікі браліся за гэтую тэму, спрабавалі разгадаць яе
таямніцы. Сярод іншых – Аляксандр Пушкін, Марына Цвятаева…

– З чаго пачалося ваша даследаванне? На якія гістарычныя факты і дакументы абапіраліся пры напісанні твора?

– Па-першае, неяк мне выпадкова трапіў на вочы дзённік Марыны Мнішак, жонкі Дзімітрыя І, пра яе шлях з Польшчы ў Маскву праз тэрыторыю сучаснай Беларусі да свайго мужа. А ехала яна на каранацыю. Якраз Марыне Мнішак, прадстаўніцы знатнага польскага роду, пашанцавала стаць першай жанчынай, якую каранавалі ў расійскай дзяржаве. Пасля ўжо была Кацярына І…

Па-другое, я шмат працаваў у архівах, раскручваў гэтую тэму, шукаў пацвярджэнні сваёй даволі смелай версіі. І знаходзіў! Уся работа над кнігай заняла ў мяне пяць гадоў. Перад тым як нешта напісаць, звяраў з гістарычнымі крыніцамі. Я ж не мог выдумляць факты. Шмат крыніц перачытаў – і архіўных, і літаратурных.

Самае галоўнае – сам праехаў па апісаным у дзённіку Марыны Мнішак маршруце, спыніўся ў дваццаць адным населеным пункце Беларусі. І ў кожным знаходзіў пацвярджэнні таго, што каханая цара са сваёй світай магла там праязджаць у 1606
годзе. Акрамя таго, збіраў краязнаўчыя звесткі пра мясціны, багаты фальклорны
матэрыял. Часткова яны выкарыстаны ў кнізе. З часам жа планую на іх падставе напісаць яшчэ адну кнігу пра родную краіну, яе культурнае і духоўнае багацце…

Поўны тэкст інтэрв’ю з Уладзімірам Ліпскім чытайце ў «Народнай Волі» за 16 ліпеня