Генрых Далідовіч

На апетай у знакамітай паэме Лысай Гары пад Заслаўем даўно ўжо нічога значнага не адбываецца. На пяцісоткавых надзелах ціхмяна туляцца сціплыя дамкі, у вузкіх завулках з цяжкасцю размінаюцца рэдкія легкавікі, ды і саміх лысагорцаў не відаць. Асабліва тых, са старой кагорты, з часоў, калі на Лысай Гары віравала жыццё. А як яно віравала, відно хоць бы па гэтым урыўку з паэмы, дзе апісана будаўніцтва аднаго пісьменніцкага лецішча: «Другі маштаб – другая марка: / калі яму стаўлялі дом – / тры дні вішчэла цыркулярка, / чатыры дні звінела чарка, / і цэлых пяць сквірчэла скварка, / і кожны дзень вялася сварка, – / былі гамора і садом»…

З гадзіну паблукаўшы па лысагорскіх сцежках, я нарэшце адшукаў хату пісьменніка Генрыха ДАЛІДОВІЧА, з якім мы дамовіліся пасумоўнічаць для «Дыялогаў».

– Генрых Вацлававіч, вы лысагорскі старажыл, але ваша прозвішча не згадваецца ў «Сказе пра Лысую Гару». Чаму?

– Будаўніцтва свайго лецішча я пачаў толькі ў 1983 годзе, калі Лысая Гара была ўжо збольшага забудавана. Гэты дамок мне фактычна падарылі налібоцкія леснікі. Маўляў, ты пішаш пра нашу пушчу, то мы табе дапаможам з драўнінай. Бацька на месцы склаў зруб (па маім чарцяжы), і мы перавезлі яго сюды. Мне хацелася мець хатку са свайго Налібоцкага краю. Нават вокны прывёз адтуль. Мы з жонкай жывём тут з канца красавіка па лістапад. Калі будаваліся, то існавалі строгія абмежаванні: дом не павінен быў перавышаць 35 квадратных метраў – 25 «цёплых» і 10 «халодных».

– Па-мойму, у вас тут значна больш.

– Так, разам 48 метраў. На свой страх і рызыку перавысілі нарматывы. Першым лысагорцам дазвалялася пры будаўніцтве выкарыстоўваць толькі дошкі і ўцяпляльнік, а мы ўжо будаваліся па-сур’ёзнаму. Помню, падышоў Іван Пташнікаў, паглядзеў, як мы сякерамі цюкаем, і ўсміхнуўся: «Вызывает почтение» (ён часам выказваўся чамусьці па-руску). Я і цяпер люблю бавіць час з сякерай ці нажоўкай у руках. Усе прыбудоўкі сам парабіў.

– А хто з пісьменнікаў разам з вамі летуе на Лысай Гары?

– Цяпер мае суседзі – Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Галіна Каржанеўская, Уладзімір Сіўчыкаў, унук Кузьмы Чорнага Мікола Раманоўскі. Многіх слынных лысагорцаў ужо няма на свеце – Анатоля Вялюгіна, Вячаслава Адамчыка, Івана Навуменкі… Нашчадкі пераважна папрадавалі лецішчы, новыя гаспадары ад нас трымаюцца адасоблена, у іх свае інтарэсы. Калі на выхадныя прыязджаюць, то нам хоць уцякай у Мінск – бзыяць бензакасілкі, грыміць музыка…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Генрыхам Далідовічам чытайце ў «Народнай Волі» за 5 ліпеня